Год работы депутатов Ушачского района: итоги, вызовы и планы на будущее

Общество

Прайшоў год з моманту абрання новага саставу мясцовых Саветаў дэпутатаў. У раённы Савет абрана 26 дэпутатаў, а ў сельскія Саветы – 55. Аб тым, якая работа за гэты час праведзена дэпутацкім корпусам Ушаччыны па рашэнні пытанняў развіцця тэрыторый, забеспячэнні належнага ўзроўню жыццядзейнасці насельніцтва, сёння наша размова са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Н.М.МАРКОВІЧ.

– Наталля Мікалаеўна, якія ключавыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку раённага Савета дэпутатаў?

– На сесіях і прэзідыумах райсавета мы разглядаем самыя надзённыя тэмы, сярод якіх – зацвярджэнне бюджэту раёна, унясенне змяненняў у комплексныя мерапрыемствы па выкананні шэрагу дзяржаўных праграм, прыняцце рашэнняў па фінансавых і падатковых пытаннях, развіццё падсобных гаспадарак, аказанне дапамогі мнагадзетным сем’ям. Прымаюцца канкрэтныя рашэнні па выкананні сацыяльных стандартаў, развіцці турыстычнай інфраструктуры рэгіёна, рэалізацыі патрабаванняў дэкрэта №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” і іншыя. На пастаянным кантролі мясцовых Саветаў дэпутатаў знаходзіцца рэалізацыя рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў і ацэнка эфектыўнасці выканання дзяржаўных праграм.

– Асаблівая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі?

– Так. Кожны год накіроўваюцца сродкі не толькі на навядзенне парадку ў населеных пунктах, а і на рамонт помнікаў, падтрыманне ў належным стане вулічнай і дарожнай сеткі. Сельвыканкамамі і старэйшынамі арганізоўвалася работа па ўборцы звалак, рамонце калодзежаў, устаноўцы дадатковых кантэйнераў, абкосе расліннасці ў вёсках. Стымулам у гэтай рабоце з’яўляецца штогадовы раённы конкурс па добраўпарадкаванні. Дарэчы, у бліжэйшы час аб’явім і ўзнагародзім пераможцаў спаборніцтва за мінулы год.
На тэрыторыі раёна працягваецца работа з пустуючымі дамамі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №116. У выніку спрашчэння працэдуры адчужэння такіх дамоў у апошнія гады намецілася тэндэнцыя іх продажу.

– Як наладжана дзейнасць народных абраннікаў у плане работы са сваімі выбаршчыкамі?

– Як паказвае аналіз дзейнасці саветаў цяперашняга, 29 склікання, непасрэдна дэпутатамі за год праведзена больш за 970 асабістых прыёмаў выбаршчыкаў, разгледжана і вырашана станоўча больш за 240 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, праведзена больш за 1000 сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства. Акрамя гэтага, у сваёй рабоце народныя абраннікі практыкуюць правядзенне сустрэч з насельніцтвам ва ўсіх выбарчых акругах, а таксама арганізуюць сходы грамадзян. У 2024 годзе праведзена 226 такіх мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 2170 жыхароў з 171 населенага пункта раёна. У іх удзельнічаюць не толькі дэпутаты і работнікі сельвыканкамаў, але і службы райвыканкама, участковыя інспектары міліцыі, выратавальнікі, медыкі. Наш рэгіён асаблівы: на Ушаччыне 254 населеныя пункты, з іх каля 150 – з колькасцю насельніцтва да 10 чалавек. Дапамога жыхарам такіх вёсачак заўсёды была на кантролі органаў мясцовага кіравання.

– З якімі пытаннямі звяртаюцца ўшачане да дэпутатаў?

– У асноўным звароты датычыліся рамонту і падтрымання ў належным стане дарог, добраўпарадкавання грамадзянскіх могілак і пад’ездаў да іх, выдалення аварыйных дрэў, зносу старых домаўладанняў, паляпшэння гандлёвага абслугоўвання і асартыменту тавараў на вёсцы. Усе абгрунтаваныя просьбы і прапановы людзей, выказаныя падчас сустрэч, знаходзяцца на кантролі да іх поўнага вырашэння. Калектыўныя разглядаюцца камісійна, з выездам на месцы і прыцягненнем вузкіх спецыялістаў.

– Вырашаць надзённыя праблемы, весці з насельніцтвам дыялог часта дапамагаюць актывісты мясцовага самакіравання…

– У раёне абрана 118 старэйшын. Гэта паважаныя, мудрыя людзі, да іх прыслухоўваюцца ў вёсках. Яны прымаюць удзел у пасяджэннях сесій сельскіх Саветаў дэпутатаў і сельвыканкамаў, добра ведаюць патрэбы жыхароў вёскі, часта самі вырашаюць пытанні, звязаныя з бытавымі праблемамі грамадзян. Менавіта старэйшыны займаюцца зборам сродкаў самаабкладання, якія потым накіроўваюцца на добраўпарадкаванне ці іншыя агульныя патрэбы вяскоўцаў.
Адзначу, што дэпутат – гэта не проста званне, а адказная місія. Наперадзе ў нас яшчэ шмат работы. І вырашальнымі пры выкананні ўсіх задач будуць зладжанасць, узаемадзеянне, кантроль за выкананнем кожнага прынятага рашэння.

– Дзякуй за размову!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *