Весна в гараже: рассказываем, как семья из Ушач вырастила тюльпаны к 8 Марта

Общество

Сакавік ледзь пачаўся, а на сядзібе Васіля і Святланы Гарыслаўка вясенні настрой пануе ўжо некалькі месяцаў. Ушацкая сямейная пара вырашыла даказаць, што вырошчваць цюльпаны круглы год могуць не толькі галандцы. Як бачыце, эксперымент аказаўся ўдалым!

“Як нарадзілася ідэя? Лічу, што кожная жанчына, незалежна ад узросту і статусу, павінна атрымаць на 8 Сакавіка свой цюльпан. І калі мінулай вясной я праглядала сацсеткі, якія пярэсцілі кветкамі, і падзялілася гэтым меркаваннем з мужам, той у адказ мовіў, што для мяне можа вырасціць цэлую аранжарэю. Ну а сапраўдны мужчына, як вядома, слоў на вецер не кідае!”, – з гумарам распавядае Святлана Пятроўна.

Зараз ледзь не ўсяму можна навучыцца праз інтэрнэт – было б жаданне. А яно мелася. Трэба сказаць, што заўзятымі кветкаводамі яны ніколі не былі, з агранаміяй спраў не мелі: Святлана кіруе творчай студыяй “Адраджэнне”, Васіль – работнік цэха па розліве безалкагольных напіткаў Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Пад аранжарэю мужчына вылучыў гараж – аўтааматары ацэняць ступень ахвяры.

Васіль Уладзіміравіч уласнымі рукамі змайстраваў стэлажы і падсветку, астатняе – закуплялі. У такіх справах заўсёды прысутнічае рызыка: ужо на стадыі набыцця насення нас чакалі падвохі – асобны матэрыял не адпавядаў заяўленым гатункам, а адзін з сямі сартоў увогуле прыйшлося знішчыць: цыбулінкі былі заражаны некрозам. А колькі кветкаводчых тонкасцяў давялося асвоіць! На кожнай стадыі росту патрэбны розныя падкормкі, тэмпературны рэжым. Калі ў лютым зіма нагадала пра сябе начнымі маразамі, гаспадар лічы што не спаў: хваляваўся, каб кветачкі, што ўжо амаль сфарміравалі бутоны, не памерзлі…

Калі ж стала зразумела, што з задачай яны справіліся, прыйшоў час задумацца і пра камерцыйны складнік. Як вядома, беларускае заканадаўства асабліва спрыяе тым, хто вырошчвае прадукцыю ўласнымі рукамі, – для таго, каб яе рэалізаваць на рынку, дастаткова ўзяць адпаведную даведку ў райвыканкаме і аплаціць адзіны падатак. “З гэтым ніякіх праблем не ўзнікла: да нас на падворак аператыўна прыбыла камісія, якая засведчыла, што кветкі сапраўды вырашчаны, а не перакуплены, “не спалохала” і сума падатку – 75 рублёў, – зазначае Святлана Пятроўна. – Рэалізоўваць кветкі плануем на рынку, а калі заказчыкі пажадаюць, даставім букеты на дом ці ў арганізацыю – дастаткова папярэдне патэлефанаваць па нумары (8-033) 324-64-11”.

На вялікі даход, вядома ж, не разлічваюць – кажуць, што галоўную мэту ўжо ажыццявілі: рэалізавалі сваю смелую ідэю. Але будуць вельмі рады, калі кветкі, у якія ўклалі душу, дададуць зямлячкам святочнага настрою!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *