Камфартабельнасць гэтага прыгожага аўтобуса ўжо паспелі ацаніць многія пасажыры. З панядзелка на адзін з самых запатрабаваных у жыхароў, гасцей раёна маршрутаў – Ушачы-Полацк – выйшаў новенькі МАЗ-206. Ключы ад яго начальнік участка АТП №6 г.Наваполацка Р.Ф.Рудзёнак і намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Д.П.Цімафееў уручылі вопытнаму вадзіцелю аўтапарка Аляксандру Уладзіміравічу Волаху (на здымку).
Раённая ўлада добра ведае незайздроснае становішча ўчастка са станам наяўнай тэхнікі (з 15 адзінак, якія былі дагэтуль, толькі 5, маладзейшыя за 10 гадоў) і неаднаразова хадайнічала аб абнаўленні парка. Разумее неабходнасць мадэрнізацыі і кіраўніцтва прадпрыемства.
“Прызначана такая тэхніка для прыгарадных пасажырскіх перавозак, а таксама для гарадскіх маршрутаў, – расказвае Р.Рудзёнак. – У аўтобусе 27 пасадачных месцаў, агульная ж умяшчальнасць – 72 чалавекі. Для пасадкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама пасажыраў з малышамі прадугледжаны высоўны пандус – узнімацца на высокія прыступкі цяпер няма патрэбы. У салоне прадугледжаны патрэбны нахіл, каб зручна было карыстацца інваліднай або дзіцячай каляскай”.
Камфортныя ўмовы ствараюць кандыцыянер, ацяпленне. Прадумана ў новым МАЗе і сістэма бяспекі. Аўтобус не кранецца з месца, пакуль цалкам не зачыняцца дзверы. Побач з правай рукой вадзіцеля маецца трывожная кнопка, якая дзейнічае на базе спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы “Гланас” і не залежыць ад пакрыцця тэрыторыі сотавай сувяззю. Адно націсканне пры ўзнікненні пазаштатнай сітуацыі – і на месца прыедуць “хуткая дапамога”, міліцыя. У салоне ўстаноўлены дзве відэакамеры з запісам гуку (пры любым канфлікце, супрацьпраўных дзеяннях гэта дазволіць устанавіць вінаватага), столькі ж сочаць за дарогай наперадзе аўтобуса і за ім.
Наогул, МАЗ-206 мае добрыя тэхнічныя характарыстыкі. Напрыклад, тут няма рысор, замест іх – пнеўмападушкі, дзякуючы якім аўтобус менш трасе (для некаторых нашых дарог вельмі важная якасць), а за кошт дыскавых тармазоў дасягаецца лепшае тармажэнне.
“Выдатная абноўка!” – не хавае эмоцый Аляксандр Волах. “А паглядзіце, як у салоне прасторна, якія крэслы камфортныя, з прыгожай абіўкай!” – дадаюць калегі вадзіцеля (на здымку), якія аднымі з першых прымерылі на сябе ролю пасажыраў.
Між тым, мадэрнізацыя ў аўтапарку працягнецца. Каб палепшыць якасць абслугоўвання пасажыраў, ужо да канца бягучага года сюды плануецца паступленне яшчэ двух новых аўтобусаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.