Отходы в доходы: как Ушачский район борется за экологию и переработку мусора

Общество

4,2 мільёна тон камунальных адходаў утварылася ў Беларусі за мінулы год – на 200 тысяч больш, чым пазалетась. І без таго астранамічная лічба пастаянна прырастае, і залішне казаць, як важна вымаць з гэтых гор смецця тое, што можна выкарыстаць.

Прагрэс відавочны!

10 год таму ў Беларусі стартавала праграма “Мэта 99”, сэнс якой – мінімізаваць аб’ём захавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) на палігонах і максімальна павялічыць (у ідэале – да 99 працэнтаў) долю іх выкарыстання. Адпаведную назву мае і падпраграма, што рэалізоўваецца ў рамках Дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”. Задача пастаўлена амбіцыйная, і міністр ЖКГ Генадзь Трубіла ў час свайго нядаўняга візіту ў наш раён прааналізаваў ход яе выканання.

За апошнія гады ўзровень выкарыстання ЦКА ў Беларусі павялічыўся амаль утрая. Калі ў 2015-м перапрацоўвалася менш 14 працэнтаў смецця, то ў 2020-м – 25, пазалетась – ужо 35,5, ну а па выніках мінулага года паказчык дасягнуў 40,2.

Віцебшчына тут сярод лідараў – летась у нашым рэгіёне выкарысталі амаль 44 працэнты адходаў. Як падкрэсліў кіраўнік міністэрства, годнай дынаміцы спрыяе тое, што ў Віцебску, Наваполацку і Оршы працуюць смеццесартавальныя заводы (у Беларусі іх 9, хутка адкрыецца дзясяты). Але пакуль не ўсе раёны прыдзвінскай глыбінкі трапілі на іх абслугоўванне – вось і ва Ушацкім смецце ўсё яшчэ сартуюць па-старому, таму і пусцілі ў справу летась толькі каля чвэрці ЦКА. Аднак сітуацыя зменіцца: Наваполацкі завод нарошчвае магутнасці і хутка возьме нас “пад сваё крыло”.

Шклабой з “гарнірам”

“Спыненне росту палігонаў, а значыць, і экалагічны дабрабыт, залежыць ад кожнага з нас. Не так складана адсартаваць адходы і памясціць іх у асобныя кантэйнеры, але ж многія ніяк да гэтага не прывыкнуць і кідаюць у агульную скрыню нават батарэйкі, якія нясуць вялікую небяспеку!” – зазначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.

“А навошта нам старацца, калі камунгасаўцы потым усё роўна ссыпяць шкло і пластык у адзін смеццявоз?” – такое меркаванне нярэдка чуем ад ушачан.

“Насамрэч у вызначаныя дні нашы работнікі робяць аб’езд пляцовак і збіраюць змесціва спецыяльных кантэйнераў, але высыпаюць у машыну толькі тыя, дзе ў пэт-бутэлькі і шклабой не накідана іншага смецця, бо сыравіну яны адразу вязуць на перапрацоўчыя прадпрыемствы, – тлумачыць майстар УП ЖКГ Алена Халімоненка. – Але ж вы і самі бачыце, што ў гэтыя скрыні вельмі часта накідваюць і бульбяныя ачысткі з малочнымі пакетамі. Вось і прыходзіцца потым згружаць забруджаныя рэсурсы разам са звычайнымі адходамі і дадаваць работы брыгадзе нашых сартавальнікаў, якія выбіраюць сыравіну з прывезенага на палігон смецця”.

Да слова, у скрыні з пэт-бутэлькамі не варта класці, напрыклад, поліэтыленавую плёнку – на заводзе, куды іх павязуць, яе не перапрацоўваюць, таму адпраўце яе ў звычайны кантэйнер – такі матэрыял работнікі выберуць асобна. Па гэтай жа прычыне ў скрыню са шклянымі бутэлькамі не трэба кідаць аконныя шыбы.

Летась камунгасаўцы адрамантавалі 23 кантэйнерныя пляцоўкі, дадаткова ўстанавілі і аднавілі 32 ёмістасці для збору смецця. Усяго ж у населеных пунктах краіны больш 700 тысяч кантэйнераў, амаль палова з якіх прызначана для раздзельнага збору.

“Капейка” лішняй не будзе

ПЭТ-бутэльку, шклабой і іншую другасную сыравіну ў вас з задавальненнем прымуць кааператары ў павільёне ля аўтабазы. Дарэчы, цана ў лютым крыху паднялася: кілаграм макулатуры каштаваў 25 капеек, плёнкі – 30, ПЭТ-бутэлькі – 50, шклабою – 16. Бытавую тэхніку (прывезці яе трэба самім) – прымалі па 35 капеек.

“Ушачане здаюць усе віды, але, канечне, найбольш актыўна – метал: чорнага з пачатку месяца мы закупілі каля 40 тон. Прымалі яго па кошце 56 капеек, за медзь давалі 20 рублёў, латунь – 10, акумулятары – 1.70 за кілаграм. Пры гэтым штомесяц цэны карэкціруюцца. Няма зараз асаблівых затрымак і з аплатай: разлічваемся ці адразу, ці на працягу некалькіх дзён”, – уводзіць нас у курс спраў прыёмшчык Валянціна Ганчарова. Вопытная добразычлівая работніца вельмі адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і нават папрасіла даць у газету нумар уласнага мабільнага, па якім кліенты могуць удакладніць інфармацыю: 8-029-295-19-30.

На сяле другасную сыравіну прымаюць магазіны Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства.

Карыстаючыся момантам, Валянціна Фёдараўна агучыла некалькі парад: макулатуру трэба прыносіць або ў мяшках, або звязваць стосамі; пластыкавыя бутэлькі пажадана сплюшчыць, скруціўшы накрыўкі; шклабой, нягледзячы на назву, біць не варта; акумулятары зліваць не трэба. Ну а што да металу, то, вядома ж, яго паходжанне не павінна быць крымінальным.

“Асабіста я тут бываю нярэдка, – падзяліўся з намі жыхар райцэнтра Мікалай. – Вось іду па вуліцы, бачу, што ў кювеце кусок дроту ці бутэлькі ляжаць – падбяру, складу ў адрыне, а як накопяцца – сюды прынясу. І сабе капейку зараблю, і наўкол чысцей будзе”. Пабываўшы на складзе, мы ўбачылі, што такая руплівасць уласцівая многім ушачанам: яны не лічаць заганным здаць бляшанкі ад кансерваў ці старыя цвікі – замест таго каб забруджваць імі сметнік.

Паперу і кардон прымаюць таксама ў пункце УП ЖКГ на цэнтральным рынку (з боку сквера), які працуе па чацвяргах і пятніцах. Як паведаміла нам прыёмшчык Ірына Маскаленка, за 2,5 года работы кропка заваявала папулярнасць: летась тут прынялі каля 10 тон макулатуры ад 200 здатчыкаў. “Людзям падабаецца наша зручнае размяшчэнне: ідуць на рынак і спадарожна прыхопяць з дому паперу. Актыўнічаюць і школьнікі: прыносяць спісаныя сшыткі – вось, кажуць, як добра: і дрэўца выратавалі, і грошы на марожанае зарабілі”, – распавядае Ірына Аляксандраўна.

За старой жа электроннай і электрычнай тэхнікай камунгасаўцы прыедуць на дом: здаць можна літаральна ўсё – ад халадзільнікаў да электрачайнікаў, але прыборы павінны быць неразабранымі. Пра сваё жаданне варта паведаміць дыспетчару па тэлефонах: 5-03-83, 8-029-370-45-83. Нагадаем, што бытавую тэхніку прымае і кампанія “БелВТІ-рэгіён”, прычым, сабранае імі ідзе ў залік плана нашага раёна. Выклікайце іх да сябе па нумарах 8-029-235-23-52, 8-029-115-23-52.

План па зберажэнні нафты і лясоў

Дарэчы, завітаўшы ў пункты прыёму, вы дапаможаце выканаць план па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) – адпаведнае заданне даводзіцца як арганізацыям, так і раёну.

“Калі прааналізаваць лічбы за апошнія 4 гады, то можна ўбачыць, што даецца гэта ўсё больш складана, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Бехава. – Калі ў 2021-м раён выканаў план на 120 працэнтаў, то пазалетась – на 101,6, а ў мінулым годзе – толькі на 82 працэнты. І хоць заданне за гэты час павялічылася з 700 да 810 тон, рэзервы для больш плённай работы ў арганізацый ёсць. Што датычыцца асобных відаў ДМР, то план па макулатуры раён сёлета выканаў на 101 працэнт (у 2021-м быў 141), а вось шкло і пластык здавалі менш актыўна (67 і 61 працэнт адпаведна), недапрацавалі і па электратэхніцы, зношаных шынах”.

Так, паказчыкі па асобных відах даведзены высокія – напрыклад, практычна немагчыма было кааператарам нарыхтаваць вызначаную колькасць палімерных адходаў – бутэлькі лёгкія і людзі здаюць іх слаба.

А вось макулатура – від не такі праблемны. Паназіралі за работай камунгасаўца Дзмітрыя Смотрына, які ўжо некалькі год заняты на прасаванні гэтай сыравіны. У складзе ЖКГ узвышалася гара кардонных скрынь, якія прывозяць сюды з дзвюх “Капеечак”, “Сямейкі”, “глыбоцкага” магазіна і шэрагу іншых крам, што заключылі з прадпрыемствам адпаведныя дагаворы. Работнік шпарка закладаў кардон у прэс, і праз колькі часу сфарміраваўся куб прыкладна ў 270 кіло, які ён узважыў і прыгатаваў для адгрузкі. Каб запоўніць кузаў МАЗа, патрэбна 24 цюкі – гэтыя 6-7 тон адправяць у Чашнікі на перапрацоўку і такім чынам выратуюць 60 дрэў!

Многа карыснага зробяць і з іншай сабранай ушачанамі сыравіны – і такім чынам зэканомяць каштоўныя прыродныя рэсурсы. Прыемна ўнесці сваю лепту ў годную справу, тым больш калі для гэтага патрэбна не так і шмат намаганняў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *