Вынікі пяцігодкі як асновы стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны абмеркавалі ў рамках адзінага дня інфармавання ў працоўных калектывах Ушаччыны. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінай Хамёнак сустрэлася з калектывам Ушацкага раёна электрасетак, а з работнікамі аддзела аказання страхавых паслуг па Ушацкім раёне пагутарыў начальнік абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Віталь Васюкоў.
Абмяркоўвалася развіццё як краіны ў цэлым, так і нашага рэгіёна. Падчас дыялогу былі прааналізаваны вынікі развіцця беларускай эканомікі і сацыяльнай сферы жыцця народа. Назіраецца прырост валавога ўнутранага прадукту, пад кантролем знаходзіцца інфляцыя, растуць грашовыя даходы насельніцтва, беспрацоўе знаходзіцца на мінімальных значэннях. Дзяржава стварае ўсе ўмовы для таго, каб кожны з нас мог клапаціцца аб уласным дабрабыце, не сядзеў склаўшы рукі і ўносіў уклад у развіццё свайго рэгіёна і краіны ў цэлым.
Эканоміка Віцебшчыны за мінулы год таксама паказала істотны рост, заняўшы другое месца ў рэспубліцы па сацыяльна-эканамічным развіцці. Ішла гаворка і пра інвестпраекты, якія рэалізуюцца ў нашым раёне і яшчэ плануюцца, пра супрацоўніцтва з Кітаем.
Па традыцыі ўдзельнікі сустрэч мелі магчымасць задаць кіраўніцтву пытанні, якія іх цікавяць. У ліку такіх былі ўмовы атрымання азёр у арэнду, уцягванне ў абарот невыкарыстоўваемай маёмасці, а таксама навядзенне парадку на зямлі.
Вольга КАМАРКОВА.