Супрацоўнікі раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах, выратавальнікі і праваахоўнікі, БРСМ працягваюць праводзіць рэйды па азёрах Ушаччыны ў рамках спецыяльных прафілактычных мерапрыемстваў “Тонкі лёд”.
На гэтым тыдні выбарачныя праверкі таўшчыні лёду паказалі, што яна складае ў сярэднім каля 20 сантыметраў. Напрыклад, на возеры Матырына – 23, Лаконец – 20, на Салонцы – 18. “Такое покрыва, канечне, вытрымае чалавека, аднак каварную справу могуць зрабіць падводныя ключы, цячэнні, газы, што ідуць з донных адкладанняў глею, сапрапеляў. А таму не стамляемся казаць пра абавязковае выкарыстанне выратавальнай камізэлькі. Калі чалавек праваліцца пад лёд, гэтая рэч дазволіць захоўваць плывучасць да моманту аказання яму дапамогі”, – падкрэслівае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Мая Пацэйка.
Падчас апошняга рэйду ні ў аднаго з рыбакоў, якіх рэйдавая група застала на азёрах, не было выратавальнай камізэлькі. Улічваючы іх абяцанні больш не выходзіць на лёд без гэтага атрыбута, на гэты раз парушальнікі атрымалі папярэджанні.
Вольга КАМАРКОВА.