У панядзелак пачынаецца Вялікі пост, які ў памяць аб выратавальных страсцях Хрыстовых доўжыцца сем тыдняў – да Вялікадня, што сёлета выпадае на 20 красавіка.
Гэты пост лічыцца самым строгім, паколькі не дазваляе ўжываць мяса і малочныя стравы, алей – толькі па суботах, нядзелях і ў дні памяці асабліва шаноўных святых, а рыбу – выключна ў святы Благавешчання і Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербная нядзеля). Аднак усе мы ведаем, што галоўнае ў пасце – не адмаўленне ад ежы, а пераасмысленне ахвяры Ісуса Хрыста і аналіз сваіх паводзін, добрыя ўчынкі, дапамога іншым – умацаванне веры ці шлях да яе. Невыпадкова Вялікаму посту папярэднічае Даравальная нядзеля – дзень, у які мы шчыра даруем крыўдзіцелям, як рабіў гэта Хрыстос. У гэтым заключаецца самы вялікі сімвал веры, якая ёсць любоў. Бо калі мы не навучымся дараваць, то і прасіць аб адпушчэнні грахоў нашых не маем права. У гэты час трэба больш маліцца, абавязкова спаведацца і прычасціцца, каб сустрэць самае светлае свята з чыстай душой. А што датычыцца абмежавання ў ежы, то людзям варта самім узважваць свае магчымасці з улікам хвароб, асаблівасцяў работы і адчування. Гэта не самамэта, а толькі выпрабаванне сябе ў памяць тых пакут, якія для нас перанёс Ісус Хрыстос.
На наступным тыдні ў храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры богаслужэнні будуць праходзіць штодня акрамя суботы: з панядзелка па чацвер у 17.00 чытаецца вялікі пакаянны канон Андрэя Крыцкага, а ў сераду, пятніцу ў 8.30, у нядзелю ў 9.30 – Божая Літургія.
Аляксандр ТАЛЯРОНАК, благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі.