Хоць і лютуюць па начах маразы, днём сонейка свеціць ужо зусім па-вясенняму.
І механізатар Міхаіл Ражноўскі, які на мехдвары “Сафійскіх дароў” чараваў над сваім “двухжыльным” “Беларусам”, у працоўным запале нават куртку скінуў. Трактарок, як, зрэшты, і яго гаспадар, і ў халодны сезон не меў працяглага адпачынку, абслугоўваў завячэльскі і плінскі комплексы, а ў гэты дзень ім знайшлі часовую падмену і механізатар спешна ўзяўся за рамонт – дзяржтэхагляд ужо не за гарамі, а падправіць трэба многае, у тым ліку радыятар, тармазную сістэму.
Непадалёк шчыравалі калегі: даводзілі да ладу плуг. “Учора роўна 40 год споўнілася, як я ў гэтых майстэрнях працую!” – паведаміў нам слесар Аляксандр Раманоўскі. – Ужо і прадпрыемства змянілася, а я па-ранейшаму тут, толькі сферу памяняў: з меліярацыі ў сельскую гаспадарку перайшоў”. Немагчыма ўявіць гэты мехдвор і без Віктара Зузёнка: тое, што талковы токар на любым прадпрыемстве – на вагу золата, вам кожны аграрый пацвердзіць. А гэты ўмелец і ля станка чаруе, і з “чарнавой” работай хлопцам дапамагае.
Адказна ставіцца да любой справы і механізатар Дзмітрый Магерка – здаецца, зусім нядаўна гутарылі з ім на ўскрайку поля ля Слабады, якое ён узворваў пад леташнюю яравую сяўбу, а ўжо і новы сезон распачынаецца. Тады Дзіма на МТЗ-1221 працаваў, цяпер жа рыхтуе да выхаду на палеткі магутны “Кіравец”. “Я яго ўжо на асенняй пасяўной апрабаваў – здаецца, няблага атрымлівалася”, – тлумачыць механізатар, не спыняючы рамонт.
А вось у дальнім баку ангара актыўна арудавалі інструментамі трое незнаёмых нам работнікаў – шчыравалі над аднаўленнем культыватара. У мінулым сезоне гэты запатрабаваны агрэгат у поле не выходзіў, а вось сёлета паставілі такую задачу, выкананне якой даручылі рамонтнікам з суседняга раёна. Не сакрэт, што і самая моцная ўшацкая гаспадарка адчувае кадравы дэфіцыт, таму дапамога глыбоцкіх калег, якія працуюць па дагаворы, вельмі дарэчы. “Асабіста я на Ушаччыне лічы што свой: маці родам са Строктаў, таму ў бабулі з дзядулем у дзяцінстве нярэдка гасцяваў!” – усміхаецца нам пры знаёмстве Аляксандр Макарскі. Аграрый з немалым стажам не так даўно застаўся без пастаяннага працоўнага месца, бо яго сельгаспрадпрыемства спыніла існаванне. Вырашыў пакуль што дапамагчы іншым (не сядзець жа без справы!), прыглядзецца, наладзіць карысныя сувязі, а пазней, магчыма, адкрыць прыватнае прадпрыемства менавіта па аказанні аграрыям рамонтных паслуг. Ёсць ужо і жадаючыя далучыцца да справы – напрыклад, малады тэхнік-механік, нядаўні выпускнік Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Яўген Арцёмаў, па словах вопытнага калегі, праяўляе сябе вельмі годна.
Нешматслоўныя глыбоцкія хлопцы засяроджана працягнулі рамонт, а мы пагутарылі з намеснікам дырэктара гаспадаркі Аляксеем Ладновым. У гэтыя дні застаць яго на месцы практычна немагчыма – увесь час ці на жывёлагадоўчых аб’ектах, ці ў паездках за запчасткамі. “Канечне, толькі ўласнымі рэсурсамі з падрыхтоўкай тэхнікі справіцца было б немагчыма, таму вельмі ўдзячны за дзяржаўную падтрымку. За бюджэтныя сродкі, вылучаныя на рамонт прычапнога абсталявання, набылі запчасткі для культыватара і плугоў – адзін васьмікорпусны і два чатырохкорпусныя ўжо адрамантаваны. Залішне казаць, як важна своечасова пусціць на палеткі “Расу” – каб аднавіць гэтую адзінку, зрабілі пад заказ ШРУСы, купілі камплект новых шын. Работы яшчэ шмат, таму стараемся працаваць аператыўна і зладжана”, – зазначае Аляксей Віктаравіч.
Тым часам палявыя работы ўжо распачаліся: Міхаіл Сталыга прыступіў да падсеву траў, Андрэй Лапо ўжо два тыдні ўносіць калійныя ўгнаенні. Пад сёлетнюю яравую сяўбу гаспадарцы вылучылі 300 тон, якія трэба аператыўна даставіць з Лепеля, таму на перавозцы заняты не толькі Мікалай Багданаў і Уладзімір Зелянік, а і два лясгасаўскія шэфы на МАЗах. Актыўна вывозіцца і арганіка – на гэтым фронце работ разам з прыгаданым вышэй Міхаілам Ражноўскім шчыруе навічок прадпрыемства – выпускнік Лепельскага каледжа Улад Асіпёнак.
У “Сафійскіх дарах” кожны разумее: на гэтым важным падрыхтоўчым этапе закладаецца падмурак паспяховасці ўсяго аграрнага года.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
С наступлением весны сельхозпредприятия Ушаччины активно готовятся к посевной кампании, что внушает оптимизм. Подготовка техники — это важный шаг к успешному началу полевых работ. Надеемся, что погода будет благоприятной, а аграрии смогут эффективно использовать свои ресурсы для получения хороших урожаев. Важно поддерживать местных фермеров и аграриев, ведь от их труда зависит продовольственная безопасность региона. Желаем всем успехов в предстоящих работах!