Калі раней грамадзянам тэлефанавалі з “банкаў” і “сілавых ведамстваў”, то зараз аферысты “перакваліфікаваліся” ў работнікаў мабільных аператараў. Толькі з пачатку 2025 года ў ліку пацярпелых – каля 20 жыхароў Ушаччыны!
Вось уявіце: званок ад мабільнага аператара. Ветлівы голас паведамляе, што дзеянне дагавора па вашым нумары падыходзіць да заканчэння, сёння-заўтра SIM-карта будзе заблакіравана. “Падаўжаць будзеце?” Вы пачынаеце ўспамінаць, што нешта падобнае чулі. І, вядома, не жадаеце заставацца без мабільнай сувязі, свайго нумара. Хочаце адразу даць станоўчы адказ. Тым больш, што аператар прапануе зручны варыянт падаўжэння дагавору – нікуды нават ісці не давядзецца. Неабходна толькі паведаміць свае персанальныя даныя…
– Нават калі не пазбавіцеся ўласных грошай, міжволі трапіце ў злачынную схему, – тлумачыць начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС Мікалай Баратынскі. – Ашуканцы выкарыстоўваюць персанальныя даныя для адкрыцця разліковых рахункаў – “перавалачных баз”, куды паступяць сродкі іншых падманутых грамадзян. Вы ж будзеце праходзіць па крымінальных справах у якасці
сведак.
Між тым, пад рознымі нагодамі аферысты могуць паспрабаваць атрымаць доступ і да вашага асабістага кабінета. Чым гэта пагражае? Згубай грошай на мабільным рахунку і з банкаўскай карты, калі яна прывязана да нумара, падключэннем паслуг, якія дазваляюць атрымаць крэдыт.
Тут, падкрэсліваюць праваахоўнікі, важна разумець, што дагавор з мабільным аператарам, як правіла, бестэрміновы. І калі вам кажуць аб падаўжэнні, смела кладзіце трубку. Ніякіх кодаў з SMS, пашпартных даных прасіць у вас не павінны. Часцей за ўсё спецыялісты тэлефануюць з выдзеленых кароткіх нумароў, якія можна знайсці на сайце аператара. Атрымалі такі званок, сумняваецеся – пакладзіце трубку, знайдзіце тэлефон кантактнага цэнтра і набярыце самі. Можна таксама звярнуцца ў бліжэйшы офіс абслугоўвання. Нават калі вашы даныя патрабуюць актуалізацыі, што рабіць – вы даведаецеся з надзейнай крыніцы.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.