Мамины пироги для защитников Отечества: ушачанки поздравили военнослужащих срочной службы

Общество

Штогод у канцы лютага, да Дня абаронцаў Айчыны Беларускі саюз жанчын праводзіць акцыю “Маміны пірагі”. Актывісткі грамадскага аб’яднання па ўсёй краіне адпраўляюцца ў вайсковыя часці з пачастункамі, каб падзякаваць тым, хто служыць Радзіме. Далучыліся да добрай справы і ўшачанкі.

Актывісткі раённай арганізацыі на чале з яе старшынёй Д.М.Садоўскай наведалі вайсковую часць 2034 у Полацкім раёне і парадавалі дамашняй выпечкай і іншымі прысмакамі вайскоўцаў тэрміновай службы.

– Гэта, напэўна, самая цёплая і душэўная акцыя саюза жанчын, якая праводзіцца ўжо ў чацвёрты раз. Нам вельмі прыемна напярэдадні Дня Абаронцаў Айчыны наведаць вайскоўцаў і падарыць ім часцінку цяпла, – расказвае Дзіна Міхайлаўна. – Ведаеце, калі прапанавала пярвічкам паўдзельнічаць і спячы салодкія прэзенты, з задавальненнем адгукнуліся ўсе і старанна гатавалі пірагі, тарты, булачкі, пернікі. Вялікі дзякуй жанчынам саюза, а таксама індывідуальным прадпрымальнікам Аліне Крацёнак і Наталлі Качан, якія далучыліся і перадалі пачастункі.

Сёння ў Полацкім пагранатрадзе, куды накіраваліся ўшачанкі, служаць шэсць нашых землякоў, а таму ў незвычайную паездку раённая арганізацыя запрасіла і матуль салдатаў.
– Усе мы не толькі жанчыны, але і мамы, і разумеем, што хлопцам, якія служаць, хочацца ўвагі, клопату і падтрымкі, а таму, канечне, я з радасцю ўспрыняла такое запрашэнне, каб пабачыць сына Андрэя, дарэчы, для яго гэта было сюрпрызам, – адзначыла Наталля Рацько.

Узрадаваўся візіту маці Марыны Генадзьеўны і Мікіта Сукорскі, які таксама паспяхова праходзіць службу ў часці.

Прывезеных ушачанкамі пачастункаў хапіла на ўсіх салдат. Акрамя гэтага, актывісткі арганізацыі расказалі ваеннаслужачым пра наш раён, яго славутасці і турыстычны патэнцыял.

Абодва бакі якраз напярэдадні свята атрымалі мноства станоўчых эмоцый.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *