Ушачский эколог Михаил Шук отмечен наградой Минприроды за лидерство в республиканском рейтинге

Общество

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвяло вынікі дзейнасці ў 2024 годзе і адзначыла лепшых работнікаў сферы. Прыемна, што ў іх ліку – начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук. Ганаровую грамату Мінпрыроды за значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя, высокі прафесіяналізм, дасягнутыя вынікі працоўнай дзейнасці яму ўручыў кіраўнік міністэрства Сяргей Масляк (на здымку).

Падставай для высокай адзнакі стаў шэраг дасягненняў. Так, ушацкія эколагі занялі першае месца ў абласным рэйтынгу эфектыўнасці работы за мінулы год у групе інспекцый раёнаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек (а такіх у Прыдзвінні 10). Больш за тое, ужо другі год запар, атрымаўшы максімальна высокую ацэнку дзейнасці, наш тэрытарыяльны орган узначальвае і рэспубліканскі рэйтынг у адпаведнай групе. Сёлета на вышэйшай пазіцыі тут размясцілася 11 інспекцый, і адметна, што аж 6 лідараў прадстаўляюць Віцебшчыну.

Мы пацікавіліся ў Міхаіла Аляксандравіча, ад якіх крытэрыяў залежыць вынік.

– Адзін з асноўных – правядзенне кантрольных мерапрыемстваў, прычым упор тут робіцца не на колькасць, а на эфектыўнасць, – тлумачыць начальнік інспекцыі. – Мы не ставім мэту адразу “караць рублём”, а спачатку выдаём рэкамендацыі, прадпісанні, каб парушальнікі маглі дабравольна ўхіліць хібы. І гэта спрацоўвае: летась пасля прыгаданых мер рэагавання больш 90 працэнтаў парушэнняў былі аператыўна ліквідаваны. А калі ўсё ж даводзіцца складаць пратаколы, большая частка фізічных і юрыдычных асоб вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці (у мінулым годзе са 121 парушальніка да яе былі прыцягнуты толькі 38). Па магчымасці мы абмяжоўваемся папярэджаннем – такую меру, у прыватнасці, прымяняем да тых, хто “праштрафіўся” ўпершыню на працягу года. Таксама ў ліку крытэрыяў ацэнкі нашай работы – адсутнасць нявыкананых заданняў па навядзенні парадку на зямлі, фактаў непрыняцця належных мер у выпадках прычынення шкоды прыродзе і многае іншае. Істотным момантам з’яўляецца плённае супрацоўніцтва з мясцовымі СМІ – і тут у нас самыя высокія “бонусы”. Прывяду цікавы факт: тэматычная старонка, прысвечаная экалогіі, пастаянна выходзіць толькі ў 10 з 37 газет “маленькіх” раёнаў краіны, так што балы ў рэйтынг дадала і наша сумесная з “Патрыётам” “Экаскарбніца”.

Варта таксама паведаміць, што ў тройку лепшых па выніках работы за год упершыню за апошні час увайшоў Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *