Разнапланавых мерапрыемстваў на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” праводзіцца нямала. Аднак тое, што праходзіла ў мінулую суботу, без праблем “пазнаў”, напэўна, кожны. З прывычнымі для зімовых відаў канькамі ды цюбінгамі, з “нехарактэрнымі”, але не менш патрэбнымі сякерамі, вёдрамі ды лапатамі з самага ранку да ўстановы спяшаліся не толькі сем’ямі, але і працоўнымі калектывамі. Весела, з азартам правесці на свежым паветры выхадны – добрая традыцыя Дня снегу, свята, якое палюбілася нашым землякам.
Надвор’е для такога мерапрыемства выдалася проста ідэальнае: з невялікім марозцам, сонечнае. Напэўна, таму і ўдзельнікаў сабралася нямала: 10 каманд з ліку работнікаў 13 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця годных стартаў, яркіх эмоцый пажадаў усім старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.
“Кіпелі страсці” ў гэты дзень на катку ля спарткомплексу, дзе ўзровень валодання канькамі дэманстравалі дуэты. І хаця рахунак трапных кідкоў шайбы па варотах распачаў прадстаўнік аб’яднанай зборнай ТЦСАН і Дэпартамента аховы Тарас Шаўчэнка (з клюшкай выступалі толькі прадстаўнікі моцнай паловы), хаця хутчэй за іншых аб’ехала ўсе фішкі на лядовай дыстанцыі Марыя Харак з цэнтра культуры і РЭС, агульнакамандную перамогу святкавалі ўсё ж іншыя. Лепшы вынік паказалі прадстаўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Васіль Алексяёнак (дарэчы, адзін з самых узроставых удзельнікаў свята) і Вікторыя Малак, крыху саступілі ім прадстаўнікі аддзела па адукацыі Валерый Гугін і Лізавета Коўшаль, ну а трэцімі сталі Раман Салавей і Кацярына Дуброўская з раёна газазабеспячэння.
А вось у наступным этапе, які гэтак жа ладзіўся на катку, спецыяльных спартыўных навыкаў не патрабавалася. Галоўны крытэрый – быць гатовым па лёдзе пакачацца. Па традыцыі рыхтавалі вясёлы конкурс прадстаўнікі райкама БРСМ, праўда, з улікам недастатковай слізкасці пакрыцця ў апошні момант было вырашана замест кёрлінгу правесці штосьці накшталт боўлінгу: удзельнікі збівалі цюбінгам імправізаваныя кеглі. Лепш за іншых справіліся з гэтым работнікі райбальніцы Пётр Качко, Вераніка Цвяцінская і Рыгор Жаваранак. Добра сябе паказаў зноў жа аддзел па адукацыі, што прадказальна: па выніках Дня снегу каманда прызнана самай маладой і актыўнай, за што атрымала прыз ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Замкнуў жа прызавую тройку ў гэтым відзе раён газазабеспячэння.
Неўпершыню ў праграме Дня снегу была колка дроў. Вельмі дастойна выступіў прадстаўнік лясгаса Андрэй Лодзіс, аднак аказаўся толькі пятым. Бясспрэчным жа лідарам прадказальна для ўсіх стаў прадстаўнік зборнай РАНС і філіяла аблспажыўтаварыства С.Собаль, які феерыў і на нядаўнім тэматычным раённым чэмпіянаце. На гэты раз з трыма калодкамі Сяргей “разабраўся” ўсяго за 17 секунд. Другім стаў Аляксей Базылеў з цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый (яго час – 23,21 секунды), трэцім – прадстаўнік ЦРБ Сяргей Філімонаў (25,78). У кроку ад п’едэстала спыніўся Віталь Жогаль са зборнай ТЦСАН і Дэпартамента аховы, група падтрымкі якой на ўсіх этапах была, напэўна, самай прадстаўнічай.
Як заўсёды, не абышлося без перацягвання канату. Тут прадстаўнікі РАНС таксама без праблем пацвердзілі свой фаварыцкі статус: як ні стараліся сапернікі, але не змаглі даць ім бой. А вось паядынкі паміж астатнімі камандамі былі больш упартымі, як вынік – другое і трэцяе месцы размеркавалі паміж сабой работнікі лясгаса і раёна газазабеспячэння. Парадавала і ўпэўненае выступленне мужчын з участка электрасувязі, якія аказаліся ўсяго ў кроку ад п’едэстала.
Самым жа эфектным і ў той жа час працаёмкім, як заўсёды, стаў конкурс снежных фігур. Да іх вырабу каманды аднесліся грунтоўна: загадзя прадумалі вобразы і нават эскізы “накідалі”, набылі фарбы і дадатковыя атрыбуты. Некалькі гадзін шчыравалі дойліды, шмат вады вылілі, каб матэрыял стаў пластычным, ды і прэзентацыю сваіх работ – з вершамі, загадкамі і нават невялікай шоу-праграмай – падрыхтавалі. “У некага з вас, напэўна, мастацкая адукацыя ёсць? Бо мілы ўдаў у вашым выкананні – нібы толькі з мультфільма “38 папугаяў” прыпоўз”, – знаёмячыся са снежнымі фігурамі, здзіўляўся намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў. Гэтак жа казачнага героя – добрага дракона, які прынёс камандзе “бронзу”, вырабілі газавікі. “Срэбра” ж за патрыятызм і творчае аздабленне прысуджана камандзе райвыканкама, якія вылепілі дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Падарункі пераможцам у гэтым відзе падрыхтавала раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
Падсумаваўшы набраныя ва ўсіх відах балы, арганізатары вызначылі трыумфатараў Дня снегу. Сёлета імі сталі раён газазабеспячэння, а таксама Ушацкая ЦРБ і райвыканкам (у іх, дарэчы, пры аднолькавай суме балаў вырашальнай стала наяўнасць заваяванага першага месца). Вельмі крыўдна адразу з дзвюма “залатымі” ўзнагародамі было аказацца не на п’едэстале аб’яднанай камандзе РАНС і філіяла аблспажыўтаварыства – усяго 0,5 бала не хапіла ёй, каб стаць увогуле другой.
І ўсё ж не ў медалях ды кубках справа. Абсалютна ўсе ўдзельнікі займелі намнога больш – эмоцыі, сяброўскія пачуцці, прыхільнасць балельшчыкаў і мноства ўспамінаў пра гэтыя асаблівыя марозныя выпрабаванні.
* * *
Увесь дзень ля “Юнацтва-Ушачы” было ажыўлена: на каток, горкі выходзілі і дарослыя аматары актыўнага ладу жыцця, і дзеці. Дарэчы, для апошніх на падобных мерапрыемствах цудоўна было б у будучым таксама арганізаваць тэматычныя конкурсы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.