На районном родительском собрании обсудили работу, проводимую с неблагополучными семьями

Общество

Спачатку – некалькі фактаў. У нашым раёне на ўліку знаходзіцца 62 сям’і, становішча ў якіх лічыцца сацыяльна небяспечным, у іх выхоўваецца 103 дзіця. З моманту дзеяння Дэкрэта №18 з 57 сямей было адабрана 102 непаўналетніх, якія прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, праходзілі рэабілітацыю ў сацыяльным дзіцячым прытулку гарпасёлка, Віцебскім спецыялізаваным доме дзіцяці, апякунскіх сем’ях. За 2010-2011 гады пазбаўлены бацькоўскіх правоў “таты і мамы” 18 дзетак. Факты, згадзіцеся, непрывабныя. А хіба не гучыць ненатуральна тое, што дзяцей трэба абараняць ад іх уласных бацькоў? Што ж гэта за бацькі такія, як “дастукацца” да іх сумлення?
На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі раённага бацькоўскага сходу, які прайшоў на мінулым тыдні ў РДК. На разгляд было вынесена пытанне аб рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі ў святле патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. На сход былі запрошаны як адказныя бацькі, так і тыя, хто, на жаль, забыўся на вечныя ідэалы – лёсы сваіх маленькіх прадаўжальнікаў роду пусціў на самацёк. 

Напачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх В.І.Карчэўская. Вольга Іванаўна, у прыватнасці, адзначыла, што па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема адмоўнага ўплыву сям’і на выхаванне маладога пакалення. У бягучым годзе выяўлена і пастаўлена на ўлік 70 дзяцей з 43 сямей. З пачатку 2011 года паступіла 61 паведамленне аб сямейнай нядобранадзейнасці ў адносінах 92 дзетак.
Нядобранадзейныя сем’і з’яўляюцца крыніцай сацыяльнага сіроцтва. Па стане на першага кастрычніка 2011 года ў раёне ў прыёмных і апякунскіх сем’ях выхоўваецца 84 дзіця з ліку сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. І хоць там створаны добрыя ўмовы, але душы дзетак у большасці выпадкаў інтуітыўна цягнуцца да роднай маці.
Як адзначыла дакладчыца, у раёне пастаянна ўдасканальваецца сістэма работы па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18. За 2010-2011 гады ў выніку прынятых дзяржаўнымі органамі мер 17 дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і. Тыя ж таты і мамы, чые сыны і дочкі апынуліся на дзяржаўным забеспячэнні, павінны працаваць і пакрываць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, у адваротным выпадку іх прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. На жаль, ёсць у нас і такія прыклады.  
Шчыра гаварыў з праблемнымі сем’ямі і першы намеснік начальніка РАУС А.У.Андросаў. Аляксей Уладзіміравіч адзначыў, што ў большасці выпадкаў бязладдзя ў дамах вінавата гарэлка. І гэтую выснову пацвярджаюць лічбы. Так, летась ад атручвання спіртнымі напіткамі пайшлі з жыцця 7 ушачан, з іх 5 – абавязаныя асобы. Сяброўства з гарэлкай стала прычынай пастаноўкі 125 бацькоў непаўналетніх на ўлік да ўрача-нарколага. Згадзіцеся, тут ёсць над чым паразважаць. Яскравым дапаўненнем да выступлення маёра міліцыі стала дэманстрацыя дакументальнага фільма “Будзем жыць”, які распавядаў пра беспрытульных дзяцей, трагічныя вынікі алкагольнай залежнасці дарослых. На аспектах адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей спыніліся пракурор раёна В.С.Бабашынскі і суддзя суда Ушацкага раёна Ф.А.Зінькевіч. Аб дзейнасці сацыяльнага прытулка г.п.Ушачы, праз які за 2011 год прайшло 19 дзетак, расказала намеснік загадчыцы ўстановы Л.П.Чальян. Пра зусім іншы – духоўны бок нядобранадзейнасці гаварыў настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры айцец Вячаслаў. Сваё меркаванне аб ролі сям’і выказала член раённай арганізацыі Беларускага Саюза жанчын Р.П.Лазарава. Сакрэтамі выхавання і асабістым прыкладам сямейнага шчасця падзялілася з прысутнымі прадстаўніца прыёмных апякунскіх сямей раёна А.Ю.Маслюк. А пра тое, што кожны чалавек – каваль свайго шчасця, расказала В.В.Курбака – абавязаная асоба, якая вырашыла карэнным чынам змяніць свае паводзіны, вярнуць дзяцей (на здымку). Што ж, будзем спадзявацца, што яе прыклад “натхніць” іншых гора-бацькоў.
Падводзячы вынікі сходу, В.І.Карчэўская адзначыла, што ўмовы і якасць жыцця залежаць ад нас саміх, кожны чалавек можа стаць на шлях выпраўлення, было б толькі жаданне.
Напэўна, нічога так не кранае сэрца, як дзіцячыя просьбы аб здаровым ладзе жыцця іх бацькоў і светлыя мары, у якіх любячыя мама і тата заўсёды побач з імі. Усім прысутным на раённым бацькоўскім сходзе было прапанавана прагледзець экспазіцыю малюнкаў дзетак “Мары збываюцца”, выставу іх творчасці, а таксама фотаздымкі выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка і тых, каму ў жыцці пашчасціла больш – чые мамы і таты не злоўжываюць алкаголем, цудоўна спраўляюцца з бацькоўскімі абавязкамі. Ад убачанага часам камянела сэрца. Можа, гэты крык дзіцячай душы і іншая пачутая на сходзе інфармацыя падштурхне бацькоў да актыўных дзеянняў? Бо толькі ад іх залежыць, якімі стануць іх дзеці, калі вырастуць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *