12 лютага жыхарка райцэнтра, кіруючы аўтамабілем “Фольксваген Пола”, не заўважыла на нерэгулюемым пешаходным пераходзе хлопчыка і наехала на яго. Здарэнне адбылося ў 12.40 ля Ушацкай школы, у якой вучыцца другакласнік. На шчасце, той сур’ёзных траўм не атрымаў. Парушальніца прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, атрымала штраф у памеры 6 базавых велічынь і была пазбаўлена права кіравання транспартнымі сродкамі на 4 месяцы.
Падобныя факты, на жаль, не рэдкасць. Прычым, церпяць у выніку ДТЗ не толькі юныя пешаходы, але і пасажыры – толькі за мінулы год у Беларусі больш за 200 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзіліся ў аўто, былі траўміраваны, жыцці 14-ці выратаваць не ўдалося. У большасці выпадкаў да такіх сумных наступстваў прывяло ігнараванне вадзіцелямі правілаў перавозкі: кожнае другое дзіця не было прышпілена ці перавозілася без спецыяльных крэслаў.
З мэтай недапушчэння падобных аварый Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць зараз рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Калі любіш – вязі бяспечна”. Пад асаблівай увагай знаходзяцца транспартныя сродкі грамадзян, маршрутныя таксі, а таксама школьныя аўтобусы. Арганізуюцца дзяжурствы на найбольш напружаных участках вуліц і дарог паблізу ўстаноў адукацыі, кантралюецца захаванне правілаў перавозкі, пасадкі і высадкі непаўналетніх.
“З улікам прыгаданага вышэй здарэння на Ушаччыне штодзень праводзяцца і прафілактычныя мерапрыемствы – дзецям, іх бацькам нагадваем аб правілах паводзін на дарозе з дэманстрацыяй тэматычных відэаролікаў, – расказвае начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалай Гаўрылюк. – Падкрэслю, што губляць пільнасць падчас руху нельга і вадзіцелям, і пешаходам, а перавозіць дзяцей у аўтамабілі трэба з выкарыстаннем утрымліваючых прылад (аўтакрэслаў, бустараў), якія адпавядаюць іх вазе і росту. Без іх можна абысціся, калі юны пасажыр дасягнуў 12-гадовага ўзросту ці вырас больш чым на 150 см – аднак абавязкова з прышпіленым рамянём бяспекі”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.