Існуе меркаванне, што сельскія навучэнцы менш патрабавальныя да страў, якія гатуюць у школьнай сталовай. Мы ўжо не раз расказвалі пра кулінарныя прыярытэты ўшацкіх хлопчыкаў і дзяўчынак – якія б “рэстаранныя” варыянты ім ні прапаноўвалі, талеркі ўсё роўна не заўсёды застаюцца пустымі. Каб параўнаць сітуацыю, на гэты раз мы накіраваліся ў Ільюшынскую школу.

“Сёння ў нас не рыбны дзень, таму адходаў многа не будзе”, – з веданнем справы кажа повар М.У.Алексяёнак. – Які б від рыбы ні давалі, якія б тэхналогіі ў прыгатаванні ні выкарыстоўвалі, дзеці часта нават не пробуюць. Могуць гарнір з’есці, а гэта – не”.
Такая дзіцячая непрыхільнасць спачатку засмучала і Марыю Уладзіміраўну, якая паспявае і выхаванцаў дзіцячага сада карміць, і ў якасці кухоннага рабочага спраўляцца, і яе калегу Вольгу Аляксандраўну Марковіч. Перажывалі, што згатавалі не так, раз столькі няз’едзенага засталося. Але работнікі ўстановы, якія гэтак жа харчуюцца ў школьнай сталовай, адзначалі, што смачна.
Гучыць званок – і на абед прыбягаюць вучні сярэдніх класаў. У гэты час усё ўжо на сталах. Макароны з катлетай ідуць на “ўра”, як і гарачы чай, а вось салата са свежай капусты ў многіх хлопчыкаў і дзяўчынак “сціпла” стаіць убаку.
“Не падабаюцца такія вітаміны?” – пытаемся ў школьнікаў. Тыя ж, каб нікога не пакрыўдзіць, спрабуюць завуаліраваць адказ: “Той, што накшталт аліўе, у ліку нашых любімых. Гэты таксама смачны, але мы ўжо “гарачым” наеліся”.

Па сутнасці мы прыгадалі ўсё, што не надта любяць юныя ільюшынцы. А вось пельмені, любыя мясныя катлеты (асабліва з сырам і сметанковым маслам унутры), шарлоткі, пірагі, натуральныя сокі заўсёды запатрабаваныя. З улікам таго, што суп цяпер даюць толькі раз на тыдзень, ядуць і яго, хаця раней з гэтым былі праблемы. Добра разыходзяцца таксама амлеты, запяканкі.
У цэлым на арганізацыю харчавання ні дзеці, ні бацькі не скардзяцца. Меню тут – дастойнае, прадуманае, якасць прыгатаваных страў – таксама на вышыні.
“Галодным дакладна ніхто не застанецца, – усміхаецца кладаўшчык Вераніка Уладзіміраўна Лабэцкая, якая адказвае за пралік і выдачу неабходных прадуктаў, дапамагае з раздачай страў. – Прадугледжаны сняданак, абед, а для асобных катэгорый навучэнцаў – яшчэ і падвячорак. Дарэчы, памер порцый адрозніваецца ў залежнасці ад узросту: для пачаткоўцаў ён крыху меншы”.
“А непасрэдна Вашы дзеці, якія вучацца ў школе, таксама пераборлівыя?” – пытаемся ў жанчыны. “Мае даядаюць усё, – усміхаецца яна. – Увогуле лічу, што многае залежыць ад бацькоў, сямейных традыцый. Калі дома не прывучылі есці тую ж рыбу, салаты, наўрад ці і ў школе малы за іх возьмецца”.
Харчаванне дзяцей – справа, сапраўды, агульная. Толькі калі аб’яднаюцца намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў, талеркі на сталах – і ў райцэнтры, і на сяле – будуць чыстымі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.