Ці часта жыхары Ушаччыны наведвалі паліклініку, траплялі ў стацыянар? Якія дыягназы былі самымі распаўсюджанымі? І што рабілася для паляпшэння якасці медабслугоўвання насельніцтва? Медыкі падвялі вынікі работы за 2024 год.

Да тэрапеўтаў, стаматолагаў
На сённяшні дзень сістэма аховы здароўя Ушаччыны – гэта стацыянар на 83 ложкі, паліклініка, дзве бальніцы сястрынскага догляду, урачэбная амбулаторыя і 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. На іх абслугоўванні знаходзіцца 11517 чалавек, з якіх 9677 – дарослыя, 1840 – дзеці. Пры гэтым долі гарадскога і сельскага насельніцтва адрозніваюцца нязначна.
Летась у паліклініку жыхары раёна прыходзілі значна радзей: было крыху больш за 102 тысячы наведванняў, у той час як годам раней – 110,5. Што цікава, істотна пабольшала тых, хто звяртаўся да ўрачоў агульнай практыкі і стаматолагаў, а, наадварот, зменшылася – да педыятра, вузкіх спецыялістаў.
У стацыянары пралечана 2569 пацыентаў, прычым, у большасці выпадкаў – планава. У іншыя медустановы накіраваны 131 чалавек.
У рамках дыспансернага назірання агледжана 7329 жыхароў раёна, а гэта 90,2 працэнта тых, хто яму падлягае. Абавязковы ж кантынгент абследаваны камісійна на ўсе 100. Трэба адзначыць, што такія агляды дапамаглі выявіць шэраг сур’ёзных паталогій і своечасова прызначыць лячэнне.

Часта падводзіла сэрца…
2024-ы парадаваў зніжэннем агульнай смяротнасці больш чым на 7 працэнтаў. Разам з тым, у працаздольным узросце яна засталася на ўзроўні 2023-га, быў адзін трагічны выпадак з дзіцем, а нараджальнасць увогуле зменшылася ажно на 26,3 працэнта.
Сярод захворванняў, ад якіх паміралі жыхары Ушаччыны, традыцыйна лідзіравалі сардэчна-сасудзістыя – з-за іх пайшлі з жыцця 70 чалавек. На другім месцы – паталогіі нервовай сістэмы (29), на трэцім – новаўтварэнні (15). У структуры агульнай захваральнасці ў тройцы “лідараў” – гэтак жа хваробы сістэмы кровазвароту, а таксама органаў дыхання і эндакрыннай сістэмы.
Зменшыўся, аднак па-ранейшаму застаецца высокім паказчык пярвічнага выхаду на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту – летась групу атрымалі 33 жыхары раёна (годам раней – 35). У іх ліку, на шчасце, не было дзяцей – у 2023-м жа з прычыны псіхічнага расстройства і расстройства паводзін у гэты спіс трапілі двое.
На 3 пабольшала ў раёне выпадкаў захваральнасці на туберкулёз – усе пацыенты прайшлі стацыянарнае лячэнне ў РТБ “Сасноўка”. 75 разоў выяўлялі анкалогію, прычым, у 9 выпадках – на ІІІ і ІV стадыях. Дарэчы, прадухіліць такую запушчанасць зноў жа дапамаглі б своечасова пройдзеныя медагляды, пра якія ўшачане вельмі дарэмна “забываюцца”.

На шляху мадэрнізацыі
Сур’ёзна абнавіўся летась эндаскапічны кабінет паліклінікі: сюды набыта мыйная дэзінфекцыйная машына, шафа для сушкі і захоўвання эндаскопаў, гастраскоп з неабходнымі прыладамі. Клініка-дыягнастычная лабараторыя абсталявана вадзяной лазняй-тэрмастатам і выцяжной шафай, кабінет функцыянальнай дыягностыкі – маніторамі сутачнага аўтаматычнага вымярэння артэрыяльнага ціску, аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі – сучасным наркозна-дыхальным апаратам. У афтальмалагічным кабінеце заменены набор пробных акулярных лінзаў. Электракардыёграфамі, дэфібрылятарамі, афтальмалагічнымі танометрамі, гінекалагічнымі крэсламі забяспечаны сельскія медустановы.
Што з кадрамі?
Сёння пра здароўе жыхароў Ушаччыны клапоцяцца 29 урачоў, 127 медработнікаў сярэдняга звяна. Кадравая праблема застаецца актуальнай: ЦРБ неабходны ўрачы ўльтрагукавой дыягностыкі, акушэр-гінеколаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, інфекцыяніст, неўролаг, педыятр, хірург, стаматолаг-тэрапеўт і стаматолаг-артапед, а таксама фельчар-акушэр, фельчар-лабарант, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медсёстры. Радуе, што ўжо сёлета ў наш раён плануюць прыехаць 8 маладых спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй, у тым ліку ўрач агульнай практыкі.
У ліку лепшых
У ліку асноўных задач на 2025 год галоўны ўрач ЦРБ Ю.Пацёмкін назваў прыцягненне патрэбных кадраў, распрацоўку і ўдзел райбальніцы ў мерапрыемствах па прафілактыцы захворванняў, траўм і няшчасных выпадкаў, удасканаленне лячэбна-дыягнастычнага працэсу і дыспансерызацыі. Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Г.Ягораў, які прымаў удзел у медыка-санітарным савеце, падзякаваў усім за прафесіяналізм, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў. Шэрагу спецыялістаў былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны ўрач-педыятр Валерыя Севярын, старшы фельчар-лабарант Алёна Цвяцінская і медыцынская сястра-анестэзіст Вераніка Цвяцінская; Падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення – медсястра Ірына Роўба. Больш дзясятка работнікаў атрымалі ўзнагароды райбальніцы.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.