В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

Трыццаць шэсць гадоў таму, 15 лютага 1989-га, апошнія савецкія войскі былі выведзены з тэрыторыі Афганістана. Але з памяці салдат і афіцэраў не выкрасліць афганскую старонку. Гэтая далёкая і чужая вайна звязала нябачнай ніткай памяці тысячы беларускіх сямей, якія перажылі і боль страт, і цяжар чакання, і шчасце вяртання дадому сыноў, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Нямала іх і на Ушаччыне.

Мітынг ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам

“Прыемна бачыць столькі неабыякавых землякоў, – падзяліўся кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Уладзімір Андрыковіч. – Нас жа толькі 16 сабралася: астатнім, на жаль, стан здароўя ці жыццёвыя абставіны не дазволілі. Да некаторых сёння, канечне, заедзем, ну а многім цёплыя прывітанні праз блізкіх ужо перадалі”. Дарэчы, апошніх на мітынгу ў скверы па вуліцы Савецкай традыцыйна нямала. Штогод вызваляе сабе гэты дзень ушачанка Таццяна Казьяніна: раней на ўрачыстасць разам з мужам Аляксандрам прыходзіла, ну а цяпер, калі той з-за наступстваў хваробы не можа там прысутнічаць, пра ўбачанае яму ў падрабязнасцях расказвае.

Са словамі падзякі за выкананы інтэрнацыянальны доўг да воінаў-афганцаў звярнуўся намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Ягораў. Ён падкрэсліў, што пакуль мы памятаем подзвігі герояў – яны застаюцца з намі, і пажадаў усім самага галоўнага – міру на нашай зямлі. Прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў усклалі вянкі і кветкі да памятнага знака, ушанавалі памяць загінуўшых, а таксама тых, каго не стала ў мірны час, хвілінай маўчання.

У раённым цэнтры культуры тэматычную выставу – з афганскімі фотаздымкамі, рэчамі з ужытку нашых землякоў, салдат той вайны – падрыхтавалі супрацоўнікі музея. Са сцэны гучалі прыгожыя патрыятычныя кампазіцыі, а галоўным героям імпрэзы былі ўручаны памятныя падарункі.

Н.Марковіч наведвае Г.Ключонак

Заўсёды ў гэты дзень былыя воіны разам з прадстаўнікамі раённай улады накіроўваюцца да месцаў пахавання баявых сяброў. Трэба зазначыць, што нават для нас, журналістаў, гэта нялёгкае маральнае выпрабаванне, а што казаць пра тых, хто асабіста ведаў хлопцаў, выявы якіх цяпер адлюстроўвае халодны граніт…

Усяго 19 было Колі Ключонку, і дзень 1 верасня 1988 года ён бы мог разам са сваімі равеснікамі правесці ў вучэбнай аўдыторыі, але быў скошаны варожай куляй у гарачых пясках чужой краіны. І ніякі час не сцішыць боль яго матулі Ганны Тарасаўны. Сёлетнюю зіму яна праводзіць у дачкі Ганны і зяця Вячаслава Жаваранкаў у Кляпцах – так што ў маршрут аб’езду ўключылі і гэтую вёску. Вельмі ўтульна ў іх прасторным доме, родныя атуляюць клопатам – нават унук з Наваполацка прыехаў, навёў парадак на могілках, ды ўсё ж марыць жанчына, каб хутчэй вясна прыйшла – сумуе па сваіх Мажуйках. А як чакала яна візіту хлопцаў! Момант іх сустрэчы заўсёды вельмі шчымлівы: абдымкі, слёзы, а яшчэ абяцанне “жыць як мінімум да ста”, якога нязменна патрабуюць у Тарасаўны…

Напярэдадні ж да Г.Ключонак завітала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Марковіч, каб уручыць падарунак ад грамадскай арганізацыі. Атрымала яго і Марыя Станіславаўна Сідаровіч з Рыбакоў, сын якой загінуў у час праходжання тэрміновай вайсковай службы.

Ля тэматычнай выставы

Адзін з самых працяглых адрэзкаў “жалобнага маршруту” – далецкі: “двухсотым грузам” вярнуўся ў родны Дубінец Саша Клачок, ужо ў мірны час з-за праблем са здароўем, у выніку няшчасных выпадкаў пайшлі з жыцця іншыя хлопцы. Афераўшчына, Весніцк, Заазер’е, Ідута, магілкі ў аграгарадку, а цяпер яшчэ і Касары дадаліся: здаецца, яшчэ ўчора нязменным удзельнікам такіх паездак быў Міхаіл Данілёнак, а зараз паглядае на сяброў з помніка. Праводзіць па ім далонню Мікалай Саўчанка: “Што ж ты, Міша, гэтак паспяшаўся?” Журботна маўчыць Аляксандр Пугач. Кладзе гваздзікі Васіль Полазаў, прыгадваючы, як абмяркоўвалі з сябрам і калегам планы на летні водпуск, але ў апошні дзень вясны яго сэрца
спынілася…

На могілках у Дубінцы

Пакуль пятляем па ўшацкіх гравійках, ветэраны ўзгадваюць дарогі Афганістана – Пулі-Хумры, Газні, Кандагар… “А памятаеце, як праз Саланг калоны суправаджалі? – пытаецца Андрэй Пранік. – Калі перад тунэлем нам выдалі процівагазы, многія здзіўляліся – навошта? Але потым разумелі, што недарэмна: вентыляцыя там ледзь працавала…”.

Нямала год аддаляюць нас ад таго дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў суровую афганскую зямлю, дзе нашы хлопцы ваявалі мужна і бясстрашна, захаваўшы вернасць ваеннай прысязе. На жаль, з цягам часу ў свеце больш спакойна не стала, а палітычныя і рэлігійныя супярэчнасці па-ранейшаму вырашаюцца праз крывапраліцце. І вельмі хочацца, каб цяперашнія беларускія вайскоўцы праяўлялі сваю баявую падрыхтоўку толькі на трэніровачных палігонах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *