Актуальные вопросы гражданства и миграции

Зваротная сувязь

Падчас нядаўняй “прамой лініі”, якую праводзіў з жыхарамі раёна старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС С.М.ПУГАЧОЎ, грамадзяне задавалі самыя розныя пытанні. Мы змяшчаем адказы на тыя, якія будуць цікавымі і карыснымі шырокаму колу чытачоў.

– Да мяне ў госці на 20 дзён прыехалі сваякі з Украіны. Ці трэба ім рэгістравацца на гэты перыяд?
– Не трэба. Згодна з заканадаўствам, грамадзяне Украіны, Расійскай Федэрацыі, Літоўскай і Латвійскай Рэспублік не праходзяць працэдуру рэгістрацыі ў органах унутраных спраў на працягу 30 дзён з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь.
Летам хачу на месяц запрасіць да сябе ў госці сяброў з Польшчы. Што трэба зрабіць для законнага іх знаходжання?
– Вам трэба звярнуцца ў групу па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС для запаўнення заявы, дзе неабходна ўказаць прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, якая запрошана ў госці, а таксама яе грамадзянства, дату і месца нараджэння, дадзеныя нацыянальнага пашпарта, адрас месца пражывання. Яшчэ неабходна прадставіць квітанцыю аб аплаце ў памеры 35 тысяч рублёў за кожнага запрошанага ў госці грамадзяніна. Тэрмін афармлення запрашэння – 10 дзён, у паскораным парадку – 5 дзён з моманту падачы заявы.
Я – грамадзянін Расіі, пражываю ва Ушацкім раёне. Праз два месяцы заканчваецца тэрмін дзеяння пасведчання на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Як зрабіць далейшае знаходжанне ў краіне законным?
– Для гэтага трэба абмяняць пасведчанне на права жыхарства, звярнуўшыся ў групу па грамадзянстве і міграцыі з наступнымі дакументамі: пасведчаннем на права жыхарства, нацыянальным пашпартам, квітанцыяй аб аплаце ў памеры 35 тысяч рублёў, чатырма фотакарткамі.
Што рабіць, калі згубіўся пашпарт?
– Вам неабходна звярнуцца ў групу па грамадзянстве і міграцыі, а калі пашпарт быў украдзены, то спачатку ў аддзел унутраных спраў па месцы здзяйснення злачынства ці па месцы жыхарства. Ад вас патрабуецца заява ўстаноўленага ўзору, 4 фотакарткі, квітанцыя аб аплаце ў памеры 17500 рублёў. Падкрэслю, што згублены пашпарт аўтаматычна становіцца несапраўдным, нават калі вы яго знойдзеце.
– Ці можна з’ездзіць да блізкіх родных ва Украіну з дзіцём, якому адзін год, і не афармляць яму пашпарт?
– Для перасячэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь яе грамадзяне павінны прад’яўляць пашпарт. Перасячэнне мяжы па іншых дакументах не дапускаецца. Таму вашаму дзіця таксама неабходна аформіць пашпарт.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *