Прыемнай навіной васьмікласніца з Ільюшына Уладзіслава Урбан паспяшалася падзяліцца з блізкімі. Падыходзіць яна да маці і кажа: “Зараз здзіўляць цябе буду!”. Не разлічвала, што Наталля Васільеўна ўжо ўсё ведае – пра перамогу малодшай дачушкі на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы расказала сярэдняя Валерыя. Не здзівіўся пазней і тата: калі школьніцу запрасілі на вобласць, Уладзімір Уладзіміравіч адназначна заявіў: “А я не сумняваўся, што так будзе!”.
Такі поспех Улады – у многім прадказальны. Вучыцца дзяўчына на 8-10, а да ўдзелу ў алімпіядзе (прычым, па розных прадметах) яна пачала рыхтавацца ўжо з 2-3 класа. У шостым былі “бронзавыя” ўзнагароды на раённым этапе па рускай і беларускай мовах. Праз год – па апошняй дыплом І ступені. Цяпер жа – зноў “золата”, толькі ўжо па любімай матэматыцы.
– Хоць і спраўляюся добра з гуманітарнымі навукамі, душа ляжыць усё ж да дакладных, – прызнаецца дзяўчына. – Цікаўлюся адносна новымі для восьмага класа хіміяй і фізікай, ну а з матэматыкай, якую ў нас выкладае Анастасія Анатольеўна Храпавіцкая, сябрую даўно – на ўроках па праграме аднакласнікаў апярэджваю, дадатковую літаратуру штудзірую. Нават заданні па геаметрыі, з якой спачатку былі цяжкасці (ніяк не магла разабрацца з роўнабаковымі трохвугольнікамі), шчоўкаю, як арэшкі.
Ці спадзявалася Улада, што сярод сваіх аднагодак пакажа лепшы вынік на раёне? Адназначна не! Як смяецца, ад многіх заданняў валасы ўздымаліся дыбам. Да прыкладу, не тое што вызначыць бок 75-вугольніка, але нават уявіць сабе такую фігуру ці для зручнасці намаляваць было праблематычна. Давялося ўсё некалі пачутае ўспомніць, рашаць так, як падказвала логіка, а не падручнікі. І гэта, як пазней высветлілася, дало плён.
У будучым Улада хоча стаць настаўнікам матэматыкі, як некалі яе бабуля з цёткай. Ужо нават навучальную ўстанову прыгледзела: па прыкладзе старэйшай сястры Аляксандры мяркуе паступаць у ВДУ імя П.М.Машэрава.
Удзел у абласной алімпіядзе гэтак жа простым не быў. І хоць заваяваць дыплом нашай зямлячцы не ўдалося, вынікам і яна, і яе педагог засталіся задаволены. Тым больш што выступаць давялося ў ліку 35 гімназістаў і 2 вучняў гарадскіх школ – сярод васьмікласнікаў Улада стала адзінай прадстаўніцай сяла!
Гутарым з дзяўчынай і шчыра здзіўляемся, як яна ўсё паспявае. У інтэрнэце, як гэта робяць многія яе аднагодкі, гадзінамі не “завісае” – хіба што зрэдку штосьці чытае, з сябрамі перапісваецца. Двойчы на тыдзень ездзіць ва Ушачы, дзе ўжо сёмы год вучыцца ў ДШМ па класе фартэпіяна. Тут жа два гады назад скончыла мастацкае аддзяленне (тады на заняткі бацькі вазілі і па суботах). Рэгулярна наведвае таксама Ільюшынскі сельскі Дом культуры – пад кіраўніцтвам Анжалікі Вячаславаўны Івановай ужо нядрэнна асвоіла гітару і зараз выступае ў складзе маладзёжнага ансамбля. Не застаюцца па-за ўвагай Улады і гаспадарчыя клопаты: з татам і старэйшымі сястрычкамі дапамагае матулі з вялікай падсобнай гаспадаркай: каровамі, цялушкамі, курамі…
– І хаця ёсць у нас даільны апарат, здабываем малачко ўручную – так буронкам лепш, – па-даросламу зазначае школьніца. – З трыма, канечне, сама не спраўлюся, а вось з адной – лёгка!
Школьніца, сапраўды, цяжкасцяў не баіцца. І практычна ўсё, за што бярэцца, атрымліваецца ў яе на “ўра”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.