Калі з даху будынка на аўтамабіль падае якая-небудзь канструкцыя, сарваныя лісты шыферу, разлічваць на атрыманне грашовых сродкаў па абавязковай страхоўцы не варта. А вось на пакрыццё ўрону ўласніку транспартнага сродку – можна.
Так, у суд Ушацкага раёна звярнуўся жыхар райцэнтра з іскам да УП ЖКГ. Падчас летняга ўрагану з даху шматкватэрнага дома ўпаў шыфер, які пашкодзіў яго аўтамабіль. Пры гэтым пацярпелы заявіў, што адбылося гэта з-за неналежнага тэхнічнага абслугоўвання дома, у прыватнасці, дрэнна замацаваных лістоў пакрыцця.
Камунальная гаспадарка факт не адмаўляла, аднак прасіла ўлічыць, што ў дзень здарэння было штармавое папярэджанне аб узмацненні ветру на тэрыторыі гарадскога пасёлка, што гэта непераадольная сіла, якая не цягне адказнасці ЖКГ, пры гэтым дах перыядычна правяраўся работнікамі арганізацыі на прадмет мацавання шыферу.
У ходзе разгляду справы суд з прыцягненнем спецыяліста выбываў на месца, апытваў сведак, даследаваў пісьмовыя доказы і прыйшоў да высновы, што жыллёва-камунальная паслуга па тэхнічным абслугоўванні канструктыўных элементаў даху аказвалася ўсё ж з недахопамі. Прынятым рашэннем з УП ЖКГ на карысць пацярпелага былі спагнаны прычынены аўтамабілю ўрон, а таксама ўсе судовыя выдаткі.
З гэтым адказчык не пагадзіўся і падаў апеляцыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд. Аднак там рашэнне суда Ушацкага раёна пакінута без змен, а скарга – без задавальнення.
Вольга ЛАЮШКА,
суддзя суда Ушацкага раёна.