Да прыгожых дзявочых рук адвёртка і мульціметр, скажам так, не надта пасуюць. А вось наша зямлячка Вікторыя Гулюта з імі практычна не расстаецца: прафесія абавязвае. Ужо год, як дзяўчына працуе электраманцёрам ахоўна-пажарнай сігналізацыі ў аддзяленні па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы.
З электрыкай Віка асабліва не сябравала. Сур’ёзна займалася музыкай, вакалам, а ў дзявятым класе Ушацкай школы нечакана для блізкіх вырашыла набыць спецыяльнасць тэхніка па тэлекамунікацыях у Віцебскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.
– Не магу дакладна патлумачыць, што да гэтага падштурхнула, – смяецца В.Гулюта. – Неяк пачула пра перспектыўную ўстанову, уявіла сябе работнікам, які забяспечвае людзей такімі важнымі ў наш час паслугамі, вось і “загарэлася”. Высокі прахадны бал (у той год ён склаў 8,7) не напужаў – адзнак у атэстаце хапіла, каб прайсці на бюджэт. Спытаеце, ці пашкадавала я пра зроблены тады выбар? Адназначна не! Работу сваю люблю і цяпер завочна працягваю навучанне ў Акадэміі сувязі – набываю спецыяльнасць “інжынер сетак тэлекамунікацый”.
Выбар месца адпрацоўкі праблемай для Вікторыі не стаў. Ехаць на завод у Мінску ці сядзець па 12 гадзін на пульце кіравання адназначна не хацела: прывыкла да большай актыўнасці. Так, у 2023-м вырашыла паспрабаваць сябе на пасадзе электраманцёра ў Дэпартаменце аховы, спачатку – у Лепельскім аддзяленні, а потым і на малой радзіме.
– Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць, – упэўнена малады спецыяліст. – У калектыве мяне сустрэлі вельмі цёпла, правялі экскурсію па аб’ектах, у складаных сітуацыях штосьці раілі, падказвалі. Асабліва ўдзячна за гэта інжынеру Ганне Шарыпенка і майму вопытнаму калегу, гэтак жа электраманцёру Валерыю Сабіну.
Начныя дзяжурствы, наладка абсталявання, праверка і кантроль яго працаздольнасці… Гендарных і ўзроставых “паслабленняў” у такой справе няма. У штодзённым маршруце дзяўчыны – па 2-6 аб’ектаў у залежнасці ад колькасці ўстановак. Выязджае В.Гулюта і на “спрацоўкі”, прычым, не толькі ў будныя дні.
“Мяркую: няма такіх прафесій, з якімі не справіліся б прадстаўніцы прыгожага полу, – кажа Вікторыя. – Калі справа падабаецца, смела ідзіце і вучыцеся! Павага ж прыйдзе з навыкамі і стараннасцю”.
Рознае бывала ў практыцы. Часам грамадзяне паглядалі з недаверам: чакалі электраманцёра-мужчыну, а тут… дзяўчынка. Праўда, калі тая бралася за справу, пытанні здымаліся.
– Стапрацэнтным “тэхнаром” я дагэтуль не стала, – усміхаецца наша суразмоўца. – Па-ранейшаму займаюся вакалам, выступаю ў складзе квартэта “Натхненне” Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, ды і з сольнымі нумарамі на канцэрты Полацкі аддзел Дэпартамента аховы запрашае. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць кіраўніцтву нашага аддзялення за разуменне і падтрымку.
У вольную хвіліну любіць Вікторыя дэтэктывы пачытаць, над карцінамі па нумарах пасядзець, кулінарыяй заняцца. А раніцай зноў спяшаецца на работу, каб схапіць “мужчынскія” інструменты і адказна дбаць пра бяспеку ва ўшацкіх арганізацыях, дамах землякоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.