Долговременный уход: новая услуга для пожилых и инвалидов в ТЦСОН Ушачского района

Общество

Для людзей сталага ўзросту, інвалідаў вельмі важна мець магчымасць заставацца дома, у звыклым асяроддзі. У той жа час клопат пра іх – асаблівая работа, якая часта патрабуе пэўнай кваліфікацыі, свабоднага часу. Блізкія ж не заўсёды іх маюць. Дапаможа ў такім разе паслуга доўгачасовага догляду.

“Гэта комплекс мерапрыемстваў па суправаджэнні чалавека, якое ажыццяўляецца па месцы яго жыхарства спецыялістамі сацыяльнай і медыцынскай службаў. Права на паслугу, уведзеную ў ліпені 2024 года Пастановай Саўміна ад 23 мая 2024 г. №367, маюць інваліды 1 і 2 груп, а таксама людзі ва ўзросце ад 65 гадоў, якія не могуць самастойна перасоўвацца, абслугоўваць сябе, кантраляваць свае паводзіны”, – патлумачыла загадчык аддзялення сацдапамогі на доме ТЦСАН Ушацкага раёна Маргарыта Майсеенка.

Паводле яе слоў, патрэба ў доўгачасовым доглядзе вызначаецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй установы аховы здароўя. Адначасова з яе заключэннем выдаецца медыцынская даведка аб стане здароўя, якая ўтрымлівае рэкамендацыі па харчаванні, кратнасці медаглядаў і інш.

Арганізацыя такога догляду ажыццяўляецца на падставе пісьмовай заявы, якая паступае ў ТЦСАН ад непрацаздольнага грамадзяніна ці яго законнага прадстаўніка. Падаюцца таксама заключэнне УКК, меддаведкі аб стане здароўя і наяўнасці паказанняў, адсутнасці супрацьпаказанняў для аказання сацпаслуг, копіі індывідуальных праграм медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі (пры іх наяўнасці).

Спецыяльная камісія наведвае чалавека па месцы жыхарства, выносіць рашэнне аб аказанні паслуг, складае індывідуальную праграму работы. У залежнасці ад таго, знаходзіцца ён на абслугоўванні аддзялення сацдапамогі на доме ці не, заключаецца дагавор на аказанне сацпаслуг ці дадатковае пагадненне да яго.

Варта ўдакладніць, што прапанова гэта не заўсёды бясплатная – з улікам стану здароўя чалавека можа брацца частковы ці поўны яе кошт. Больш інфармацыі – у ТЦСАН па адрасе: в.Градзянец, вул. Цэнтральная, д.3б, тэлефоны 5-75-45, 5-99-89.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *