Японские традиции в Ушачах

Общество

Выставы самай рознай тэматыкі праходзяць у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, але тая, што прадстаўлена ўвазе ўшачан у цяперашні час, напэўна, адна з самых незвычайных, бо адлюстроўвае традыцыі і культуру краіны ўзыходзячага сонца – Японіі.
Хоць выстава працуе з 21 кастрычніка, урачыстая прэзентацыя яе адбылася ў мінулы панядзелак. Многія праявілі цікавасць да мерапрыемства, таму ў выставачнай зале музея яшчэ да яго пачатку было мнагалюдна і ажыўлена.  
Ушачане заўсёды вызначаліся сваёй гасціннасцю і ў гэты раз шчыра віталі гасцей з пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч і начальнік аддзела культуры райвыканкама С.Д.Гарбачоў. У сваю чаргу Тамако Ханада – сакратар па культуры пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь, якая, дарэчы, добра размаўляе на рускай мове, падзякавала ўшачанам за магчымасць правядзення выставы і за цёплы прыём. На памяць паважанай госці ўручылі памятны падарунак ад ушацкіх майстроў.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены самыя розныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць традыцыі і культуру Японіі – лялькі, макеты архітэктурных помнікаў і страў японскай кухні, кімано і многае іншае. Таксама прапаноўваюцца самыя розныя інфармацыйныя матэрыялы пра Японію – энцыклапедыі, альбомы, часопісы. 
Другая частка прэзентацыі ўключала ў сябе майстар-клас па ікебана – старажытным японскім мастацтве афармлення букета, размяшчэнні яго ў інтэр’еры. У цяперашні час ікебана набыло рысы традыцыйнага японскага мастацтва – такога ж, як японскія сады, чайная цырымонія. Немагчыма прадставіць дом у Японіі без кветкавай кампазіцыі. Лічыцца, што да замужжа кожная дзяўчына павінна авалодаць мастацтвам ікебана. Майстар-клас, які выклікаў непадробную цікавасць у прысутных, правёў А.У.Ерашаў – старшы выкладчык японскай мовы і культуры факультэта міжнародных адносін БДУ.
Акрамя гэтага, усе жадаючыя мелі магчымасць паглядзець фільм “Японія – адчуванні цуда”.
Калі вы не паспелі наведаць выставу, у вас яшчэ ёсць магчымасць гэта зрабіць – працаваць яна будзе да 17 лістапада.
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *