Здаецца, зусім нядаўна пісалі пра поспехі навучэнкі Глыбачанскай школы Дзіяны Герцык на прадметных алімпіядах. Помніцца, як ехалі на ўрачыстасць, на якой дзяўчыне ўручалі залаты медаль. Як хвалявалася тады за дачушку Алена Сцяпанаўна, педагог установы. Як стрымлівалі слёзы, хаця падзея была радаснай, іншыя настаўнікі – не хацелі развітвацца са сваёй юнай “зорачкай”. Між тым, іх расставанне аказалася непрацяглым. Ужо ў бягучым навучальным годзе дубраўчанка зноў апынулася ў роднай школе. Праўда, цяпер у іншым амплуа – выкладае нямецкую мову.
“Лепшага варыянту для мяне і прыдумаць немагчыма! – не хавае эмоцый Дзіяна. – У калектыве сустрэлі як родную, ва ўсім дапамагаюць, падказваюць. Класы ў сельскай школе невялікія, таму наладзіць дысцыпліну, кожнаму вучню ўвагу ўдзяліць не складае асаблівых цяжкасцяў. Ды і заробак задавольвае – былыя аднакурсніцы, якія працуюць у горадзе, пахваліцца такім не могуць”.
Вярнуцца пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта на малую радзіму Д.Герцык пажадала сама. У нашым раёне былі вакантныя месцы ва Ушацкай і Глыбачанскай школах. Абрала ўсё ж другую – каб быць бліжэй да бацькоў, ды і выкладаць менавіта нямецкую мову, хаця выдатна валодае і англійскай.
Дзіяна Уладзіміраўна – педагог у трэцім пакаленні. Настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Дубраўскай школе працавала бабуля Паліна Пятроўна Герцык. Гэты прадмет у Глыбачанскай СШ зараз выкладае маці Алена Сцяпанаўна. Зрэшты, любоў да беларускай мовы была і ў дзяўчыны – разам з цяперашнім намеснікам дырэктара Галінай Васільеўнай Казловай паспяхова ўдзельнічалі ў абласных алімпіядах.
За чатыры гады навучання ў ПДУ Дзіяна паспела атрымаць адразу дзве вышэйшыя адукацыі. На апошніх курсах яна асвоіла спецыяльнасць “лагіст-эканаміст”. Дарэчы, з аплатай дапамагала павышаная стыпендыя.
Па душы была Дзіяне і нямецкая мова, камунікацыйныя магчымасці якой натхнілі на паступленне на факультэт рамана-германскай філалогіі. Педагог Таіса Ігараўна Церашкавец гэтаму толькі парадавалася, тым больш што яе прадмет на ЦТ медалістка здала на высокія 85 балаў. Прыкладна па столькі ж было па беларускай мове і гісторыі – у спісе тых, хто паступіў, наша зямлячка была ў ліку першых!
“Ужо ва ўніверсітэце асвоіла англійскую мову, ведаю асновы шведскай, – расказвае Дзіяна. – “Філоніць” проста не ўмею, таму адказна чытала ўсю замежную літаратуру, вучыла лексіку, граматыку – было вельмі няпроста, аднак цікава”.
Не нагружаць, а менавіта зацікаўліваць стараецца зараз і сваіх вучняў. Для малодшых арганізуе ўрокі ў гульнявой форме – з загадкамі, малюнкамі, праглядам відэаролікаў. Са старэйшымі часта займаюцца на камп’ютарах. Дарэчы, вельмі зручна, што клас замежнай мовы імі абсталяваны – ёсць магчымасць не толькі зрокава ўспрымаць матэрыял, але і праслухоўваць.
Паколькі выкладае Д.Герцык у 3-11 класах, за дзень па 6-7 урокаў праводзіць, паспявае і з класным кіраўніцтвам спраўляцца. Такая занятасць не напружвае – да дзяцей яна заўсёды ідзе з радасцю.
У вольны час, які Дзіяна часта праводзіць ва Ушачах, любіць схадзіць з сябрамі ў трэнажорку спарткомплексу. Дзякуе яна раённым уладам за магчымасць паўдзельнічаць у сустрэчах, экскурсіях для маладых спецыялістаў (нядаўна, напрыклад, пабывалі ў Глыбокім). Ды і сама ў падрыхтоўцы школьных мерапрыемстваў удзельнічае: разам з І.В.Сяліцкай адказвалі сёлета за вечар сустрэчы выпускнікоў.
Невысокая, хударлявая, з адкрытым позіркам… Дзіяна настолькі молада выглядае, што са старшакласнікамі зблытаць можна. Неяк прыехала яна з вучнямі на раённую алімпіяду ў Арэхаўскую СШ, а на ўваходзе не прапускаюць – пытаюцца, дзе той, хто суправаджае. “Гэта я!” – вымавіла дубраўчанка. “Добра, што такая актыўная, але дзе настаўніка згубілі?” – прагучала ў адказ. На іспыты ў той дзень усе ўваходзілі з усмешкай.
“З маімі дзевяцікласнікамі, якіх сямёра, напачатку было няпроста, – прызнаецца малады спецыяліст. – Ва ўсіх свае інтарэсы, свае характары, ды класныя кіраўнікі ў іх пастаянна мяняліся… Таму паставіла мэту – усіх з’яднаць, заслужыць давер. І гэта, здаецца, ужо пачало даваць плады. Нядаўна, напрыклад, удзельнічалі ў конкурсе касцюмаў з падручных матэрыялаў, на Новы год арганізавалі флэшмоб, ды і на перапынках дзеці сталі падыходзіць, каб навінамі ці перажываннямі падзяліцца”.
Гэта, канечне, педагога радуе, як і поспехі навучэнцаў. Лепшыя вынікі па нямецкай мове дэманструюць дзесяцікласніцы: усе трое – Насця Сяліцкая, Даша Краснова і Саша Сіскевіч – маюць цвёрдыя дзявяткі ў чвэрцях. Такія ж высокія адзнакі – у вучня 11 класа Мікалая Маркевіча, якога Дзіяна Уладзіміраўна рыхтуе да ЦТ, і дзевяцікласніцы Ксюшы Церашкавец. Але з такім апантаным маладым настаўнікам, няма сумненняў, і астатнія хутка падцягнуцца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.