Ушачский спорткомплекс вновь принимает чемпионов: юные дзюдоисты завоевывают медали на первенстве Витебской области

Cпорт

У чарговы раз ушацкі спарткомплекс стаў пляцоўкай для правядзення прэстыжных спаборніцтваў: на яго базе прайшло першынство Віцебскай вобласці па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2009-2011 гадоў нараджэння ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі.

На татамі разгарнуліся відовішчныя паядынкі – дзюдаісты гэтага ўзросту ўжо маюць дастойны тэхнічны арсенал. Зрэшты, некаторыя схваткі былі вельмі кароткімі: так, выхаванка Ушацкай СДЮШАР Эвяліна Васілевіч дзве свае сустрэчы завяршыла чыстай перамогай на першых секундах, а паколькі ў самай лёгкай вагавай катэгорыі ўдзельніц было няшмат, гэтага хапіла для першага месца. “Дзяўчынка здольная, але ёй трэба дадаць упэўненасці ў сабе”, – пракаменціравала поспех выхаванкі Крысціна Зуева.

А вось у вазе 52 кг, дзе выступалі Аляксандра Міхаль і Карына Лецкая, канкурэнцыя была значная, тым не менш нашы дзяўчаты без праблем выйшлі ў фінал і аспрэчылі “золата” між сабой – у гэты раз перамога дасталася Сашы, “срэбра” – яе сяброўцы. Былыя вучаніцы Святланы Фядосенкі зараз удасканальваюць свае навыкі адпаведна ў Віцебскім і Наваполацкім вучылішчах алімпійскага рэзерву і кажуць, што ім там вельмі падабаецца. Ну а ў родных Ушачах пахварэць за дзяўчат прыйшлі, здаецца, усе іх сябры і блізкія! Дадае ў майстэрстве і Кацярына Рубанік, якая працягвае навучанне ў Плешчаніцах – шкада толькі, што не змагла гэта прадэманстраваць на татамі: на нядаўнім зборы атрымала траўму, таму ў зале комплексу сядзела ў глядацкім крэсле. Пажадаем Каці хутчэй вярнуцца да трэніровак, бо яе, як і яшчэ трох ушацкіх дзюдаістак, чакаюць у зборнай вобласці на маючых адбыцца рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі.

Турнір жа як заўжды парадаваў выдатнай арганізацыяй – Ушачы нездарма маюць рэпутацыю аднаго з цэнтраў беларускага дзюдо.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *