Больш 15 тысяч работ даслалі юныя майстры з усіх куточкаў Беларусі на 28-ю Рэспубліканскую выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”. У фінальны ж этап трапіла 400 – у тым ліку і вырабы ўдзельніц узорнай студыі “Залатая саломка” Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Мар’яны Юркевіч і Анастасіі Сіротка. Гэтымі днямі журы вызначыла пераможцаў творчага спаборніцтва. Прыемна паведаміць, што сярод іх аказаліся і нашы дзяўчаты, якіх разам з педагогам Ганнай Бабянок запрасілі на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Трэцяе месца ў намінацыі “Сувенір-падарунак” ушачанкам прынесла работа “Чароўны куфэрак”. Выраблены ён з саломкі, унутры ж утойваўся сюрпрыз.
“Не адразу вырашылі, што менавіта “схаваем” у шкатулку: разглядалі варыянт з ёлачных шароў з малюнкамі славутасцяў кожнай вобласці краіны, але потым спыніліся на авальных карцінках з бяросты і такім чынам сумясцілі адразу два напрамкі народнага мастацтва, – расказала нам Ганна Аляксандраўна. – Меркавалі, што падарунак такі не толькі да навагодніх святаў падыдзе, а і можа быць сувенірам для турыстаў – з падказкамі, дзе варта пабываць. Дарэчы, на зваротных баках карцінак мы змясцілі інфармацыю пра гэтыя аб’екты”.
“А для нас працэс выканання работы стаў яшчэ і пазнавальным, – зазначаюць дзяўчаты. – Канечне, мы і раней ведалі, як выглядаюць Брэсцкая крэпасць, сталічная Плошча Перамогі і полацкі Сафійскі сабор, зараз жа можам многае расказаць пра Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, магілёўскі Свята-Мікалаеўскі манастыр і вельмі старажытную Каложскую царкву ў Гродне. Нават захацелася паехаць у гэтыя гарады і ўбачыць усё на свае вочы!..”.
Гэта не першы поспех “Залатой саломкі” ў фінале прыгаданага конкурсу. Так, два гады таму “бронзу” за абаяльнага бычка-фігурыста ў намінацыі “Зімовы спорт” атрымаў Арцём Спірчонак.
Ну а падарожжа ў Мінск ім дакладна запомніцца: выхад на сцэну, падарункі, гульнявая праграма, цікавыя зносіны… Вядома ж, усё гэта натхняе на новыя здзяйсненні, і ўжо на зваротным шляху нашы лаўрэаты пачалі прыдумваць, чым будуць здзіўляць журы на наступным конкурсе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.