З канца мінулага года для жыхароў сельскай мясцовасці спрасцілася працэдура падключэння электраацяплення.
Неаднойчы на старонках газеты мы давалі пакрокавую інструкцыю дзеянняў, каб цяпло ў дом паступала за кошт электрычнасці па льготным тарыфе. І пачынаўся гэты алгарытм з “аднаго акна” райвыканкама, куды ўшачане пры тэхнічнай магчымасці электрасетак звярталіся з заявай на дазвол рэканструкцыі дома. Зараз, калі ў вас аформлены зямельны ўчастак(!), гэтую інстанцыю можна прапусціць і адразу накіравацца ва Ушацкі раён электрасетак за тэхнічнымі ўмовамі, а з імі і да праектнай арганізацыі.
“Звяртаецца да нас з пашпартам уласнік дома. Пры сабе трэба мець пасведчанне на зямельны ўчастак, а пажадана і тэхпашпарт, каб ведаць плошчу дома, – тлумачыць начальнік вытворча-тэхнічнай групы Ушацкага РЭСа Станіслаў Рэкуц. – Мы ведаем, у якіх населеных пунктах праведзена рэканструкцыя ліній электраперадач, і самі паведамляем жыхарам, якія раней атрымалі адмову, пра тэхнічную магчымасць падключэння электраацяплення. Калі вы дакладна ведаеце, што яна з’явілася, можаце адразу звяртацца, і за тэхумовамі і шукаць выканаўцаў – яны абавязкова павінны быць з ліцэнзіяй на правядзенне падобных работ. Нашы спецыялісты работы ўнутры дома не выконваюць(!).
Аднак хачу звярнуць асаблівую ўвагу ўшачан, што па спрошчанай сістэме змогуць падключыць электраацяпленне толькі вяскоўцы, якія пражываюць у аднакватэрных дамах. Жыхарам гарадскога пасёлка і сяльчанам, жыллё якіх у шмат- ці двухкватэрных дамах, як і раней, трэба будзе звярнуцца ў “адно акно” райвыканкама для атрымання дазволу на рэканструкцыю”.
Туды ж, толькі па завяршэнні работ, вы звернецеся і напішыце заяву на кампенсацыю выдаткаў з чэкамі і дакументамі (дагаворамі) ад выканаўцаў.
Падрыхтавала Вольга Караленка.