У апошнія гады ўшацкая старшакласніца Ксенія Барысёнак даволі часта трапляе ў цэнтр агульнай увагі. І падчас кожнага свайго з’яўлення ў публічнай прасторы – ці гэта фінал прадметнай алімпіяды, ці ўрачыстасць з удзелам губернатара, ці нават школьнае мерапрыемства – яна ўсё роўна хвалюецца. Можа іншым і прыемна ззяць у промнях славы, але не гэтай сціплай, вельмі спакойнай па характары дзяўчыне. І гадамі спасцігае яна неабсяжныя глыбіні сваёй любімай біялогіі не дзеля пашаны, а таму што ёй гэта сапраўды цікава і атрыманыя веды дадуць у будучым магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял на ўласную і агульную карысць.
Менавіта для такой перспектыўнай моладзі ў Беларусі створана сістэма дзяржаўнай дапамогі, аналагаў якой няма ў іншых краінах постсавецкай прасторы. Зарадзілася яна ў сярэдзіне 90-х – гэта быў няпросты перыяд, аднак Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка асабіста ініцыіраваў заснаванне Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, які заахвочвае юнакоў і дзяўчат, што перамагаюць у міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, навуковых мерапрыемствах. Сёлета ўладальнікам прэміі названага фонду стала наша Ксенія. З гэтай нагоды ва Ушацкай школе прайшла ўрачыстая цырымонія, на якой кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі ўручыў дзяўчыне заслужаную ўзнагароду, а Алене Аляксандраўне і Віктару Віктаравічу Шыркевічам – Ліст падзякі райвыканкама за дастойнае выхаванне дачкі.
“Золата” леташняй рэспубліканскай алімпіяды і ўсерасійскай Сечанаўскай, якую праводзіць Маскоўскі медуніверсітэт, “бронза” міжнароднай біялагічнай імя Авіцэны, дзе за перамогу змагаліся школьнікі 19 краін, – гэта толькі некалькі свежых пунктаў яе вялікага “паслужнага спісу”.
Каб дасягнуць падобных вынікаў, займацца трэба штодня і не па адной гадзіне, набываць веды ўніверсітэцкай праграмы. “Іншы раз, калі Ксюша пачынае мне захоплена і дэталёва распавядаць пра засвоеную новую тэму, я мала што разумею, але выгляду не падаю!” – жартуе Алена Аляксандраўна. Выказваю меркаванне, што яна – рэдкая мама, якой ніколі не даводзіцца прасіць дачку-падлетка менш сядзець у тэлефоне. “У сацсеткі, як і ўсе аднагодкі, Ксюша таксама заглядвае. Але, канечне, ненадоўга, бо дзень распісаны па хвілінах – тым больш зараз, калі рыхтуецца да рэспубліканскага этапу. Дарэчы, яе любімы час для вучобы – позні вечар: кажа, што матэрыял тады лепш засвойваецца”, – тлумачыць маці.
І якім бы шчыльным ні быў графік, у ім заўсёды знаходзіцца месца для рэпетыцый хору. Школу мастацтваў дзяўчына скончыла пазалетась, але любімы вакальны калектыў, у складзе якога заваявала не адну конкурсную перамогу, пакідаць не хоча. Прызнаецца, што спяваць у ім – не нагрузка, а адпачынак. На пытанне ж, ад каго дачка пераняла вакальны талент, мама сціпла прызнаецца, што з’яўляецца выпускніцай эстраднага аддзялення ДШМ. А яшчэ Ксенія любіць свой 11“Б” і, канечне, удзячна настаўнікам, без якіх не было б аніякіх перамог і прэмій.
“Ведаеце, мы ўжо зараз сумаваць пачынаем, калі ўзгадваем, што праз некалькі месяцаў наша Ксюша пакіне школу! – прызнавалася ў час урачыстасці дырэктар установы Алена Уладзіміраўна Ворса. – Але мы ўпэўнены, што гэтая дзяўчына дасць нам яшчэ нямала падстаў для гонару”. Новых здзяйсненняў і высокага палёту зычаць Ксеніі ўсе землякі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.