Чарговы рэйд у рамках акцыі “Сям’я без насілля”, які праводзіўся напрыканцы кастрычніка, выклікаў неадназначныя пачуцці. Пазітыўныя эмоцыі ад наведвання некаторых сем’яў, якія яшчэ зусім нядаўна знаходзіліся на дне грамадства, а сёння сталі на шлях выпраўлення, заглушалі адчай пры выяўленні новых фактаў нядбайнасці і раўнадушша.
Прыгожа выглядае аграгарадок Ільюшына. Акуратныя дамы, чыстыя вуліцы радуюць вока, гавораць пра рост дабрабыту вяскоўцаў. Гэта калі глядзець здалёку. А калі падысці бліжэй, а яшчэ лепш – зазірнуць з тылу прывабных знешне фасадаў дамоў, то з асобных з іх хочацца бегчы, куды вочы глядзяць. Сорамна становіцца за гаспадароў, якія даводзяць свае домаўладанні да такога антысанітарнага стану. Не было б вялікай бяды, калі б жылі тут адзінокія выпівохі. Але ж часам вымушаны жыць у такой абстаноўцы і дзеці.
Бруд, антысанітарыя, у якіх жыве школьніца Маша (імя зменена), могуць пацягацца з “дном” дарэвалюцыйнага жылля класіка рускай літаратуры Максіма Горкага. Усё тут перавернута з ног на галаву: брудная патэльня на падлозе, каравыя анучы на кухонным стале, шторы невядома якога колеру. Жыццярадасная гаспадыня – маці дзяўчынкі і яшчэ двух юнакоў – заявіла, што перыядычна прыбірае ў доме і нічога страшнага ў такім стане пакояў не бачыць, аднак усё ж паабяцала, што правядзе генеральную ўборку.
Нягледзячы на не надта пазітыўны пачатак рэйду, спадзяваліся на лепшы працяг. Нацюрморт вясковых праблем, сапраўды, ужо не такі змрочны, якім быў, скажам, паўгода таму. Многія неахайныя раней бацькі цяпер становяцца змагарамі за чысціню ў дамах і стварэнне адпаведных умоў для пражывання сваіх дзяцей.
Раней на асаблівым кантролі ў правяраючых была мнагадзетная сям’я М. – бацькі злоўжывалі спіртным, мала ўвагі ўдзялялі дзецям, якіх, дарэчы, у іх пяцёра. А цяпер справа пайшла на папраўку. Бацькі працуюць у мясцовай гаспадарцы. У іх хаце чысценька, цёпла. Дзеці накормлены, дагледжаны. Прыемна паглядзець, як, сабраўшыся разам, члены гэтай вялікай сям’і праводзяць вольны час: чытаюць кніжкі, забаўляюцца з катом, абмяркоўваюць планы на будучае і з нецярплівасцю чакаюць прыезду старэйшай дачкі і сястрычкі, якая вучыцца ў Уле, рыхтуюць ёй сюрпрызы. Прыемныя клопаты!
Прыпыніліся ля дома, дзе жыве сям’я Алесі П. Маладая жанчына не пайшла па слядах сваёй маці, якая злоўжывала алкаголем, пра сям’ю, дзяцей не думала. Яна выбрала сабе іншы лёс, па-свойму будуе асабістае шчасце. У доме Алесі заўсёды падтрымліваецца чысціня, згатавана ежа, ёсць прадукты. Маладая жанчына выхоўвае двух няўрымслівых і вельмі артыстычных дзетак. Наш візіт, відаць, зацікавіў іх – яны з радасцю дэманстравалі нам свой дом, смела пазіравалі на камеру, знаёмілі са сваім сябрам, які зайшоў да іх у госці. Ёсць тут і яшчэ адзін член сям’і – малодшы брат гаспадыні дома Дзіма. Пасля таго, як іх маці была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, Алеся аформіла апякунства над братам і забрала да сябе. Зрабіў правільныя вывады са сваіх ранейшых неразумных крокаў і юнак. Кожны свой прыезд у Ільюшына супрацоўнікі адпаведнай службы наведваюць сям’ю, цікавяцца, як Дзіма сябе паводзіць. І той пакуль не расчароўвае.
Жыццё можна параўнаць з неспакойным морам, сям’ю – з караблём. Варта нават аднаму члену экіпажа аступіцца, зрабіць памылку, як усё судна акажацца пад пагрозай. А таму дарослым трэба імкнуцца стварыць надзейны тыл, адчуваючы падтрымку якога, іх дзеці маглі б упэўнена рабіць першыя крокі ва ўласным жыцці. Хочацца спадзявацца, што выратаваныя сем’і здолеюць захаваць створаны імі тыл на доўгія гады, а іх прыклад будуць пераймаць астатнія.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.