Урачыстыя гукі гімна, дзяўчаты ў касцюмах з нацыянальнай сімволікай, запоўненыя залы спарткомплексу… У мінулую пятніцу ўсё падказвала на правядзенне ў “Юнацтва-Ушачы” маштабнага мерапрыемства. Ужо трэці год запар тут праходзіць спартакіяда сярод работнікаў рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.
Як зазначыла на ўрачыстым адкрыцці намеснік начальніка рэгіянальнай дырэкцыі Алена Львоўна Жураўская, збірацца менавіта на Ушаччыне – добрая традыцыя. За такую магчымасць, заўсёды цёплы прыём удзельнікі дзякуюць раённаму кіраўніцтву, сваім ушацкім калегам, а таксама работнікам спартустановы, адной з самых лепшых не толькі на Віцебшчыне, але і ў краіне. Поспехаў на дыстанцыях пажадала начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №237 Дзіна Міхайлаўна Садоўская. Ну а каб сіл на выпрабаванні дакладна хапіла, усіх запрасілі да стала. Стравамі беларускай кухні: блінамі з начынкай, пончыкамі, травяной гарбатай і многім іншым частавалі ўдзельніцы Народнага клуба “Прысмакі”.
І вось прадстаўнікі Віцебска, Лепеля, Оршы, Полацка, Глыбокага і непасрэдна рэгіянальнай дырэкцыі рушылі на старт. Вызначыць мацнейшых ім патрабавалася ва ўжо прывычных відах – плаванні, дартсе, кіданні мяча ў кальцо. Асаблівасць апошняга ў тым, што сваю трапнасць адначасова дэманстравалі два прадстаўнікі каманды (мужчына і жанчына), ну а паколькі час быў абмежаваны, многае залежала ад рэакцыі і іх памочнікаў, якія вярталі снарады ўдзельнікам.
Нечаканыя вынікі прынеслі шахматы і гіравы спорт. Аднолькавую “бронзу” ў першым прадэманстравалі адразу трое – давялося праводзіць дадатковыя гульні. У другім жа выклікаў захапленне прадстаўнік рэгіянальнай дырэкцыі, які ўзняў гіру не 30-40 разоў, як іншыя прызёры, а ажно 150.
Вельмі прыемна было бачыць “сваіх” у настольным тэнісе і стральбе з пнеўматычнай зброі. Каб умацаваць лепельскую каманду, у яе складзе на старт выйшлі Н.Баратынская і Д.Садоўская.
“Не лічу сябе прафесіяналам “малой ракеткі” (гэта хутчэй захапленне), аднак паспаборнічаць было прыемна, – падзялілася з намі Наталля. – Шансаў трапіць на п’едэстал напрактыкаваныя ўдзельніцы мне не пакінулі, але “натхнілі” на тое, каб часцей прыходзіць на спарткомплекс”.
Цудоўны вынік у ціры прадэманстравала Дзіна Міхайлаўна – яе адзначылі як самага трапнага кіраўніка. “Гэта, канечне, прыемна, аднак для мяне важней, каб візіт на Ушаччыну запомніўся ўсім, а сустрэча яшчэ больш згуртавала”, – зазначыла яна.
Так па сутнасці і атрымалася. “У нас, канечне, таксама ёсць басейн, аднак ваш проста скарыў!” – пасля заплыву прызнаваліся прадстаўнікі аршанскай каманды. “А мы сёння паспелі і ў трэнажорцы папрактыкавацца, і скаладром апрабаваць, – расказвалі іх калегі з абласнога цэнтра. – Гасцінна сустрэлі нас і ў кафетэрыі інтэрната, дзе прапанавалі паўнацэнны абед, смачныя напоі з сучаснай кавамашыны”.
Падчас закрыцця спартакіяды каманды-пераможцы, асобныя іх прадстаўнікі адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку грашовымі сертыфікатамі – на далейшае развіццё спорту ў рэгіёнах. Права прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах такога профілю заваявалі спецыялісты рэгіянальнай дырэкцыі. Ну а каравай у якасці спецыяльнага прыза “За волю да перамогі” ад гаспадароў мерапрыемства дастаўся лепельскай камандзе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.