Общежитие для спортсменов при ФОК «Юность Ушачи»: успех на старте и высокие отзывы постояльцев

Общество

З моманту адкрыцця інтэрната для спартсменаў прайшло ўжо чатыры месяцы – і мы вырашылі пацікавіцца, якім атрымаўся старт дзейнасці аб’екта і якую ацэнку даюць яму пастаяльцы.

“Вы якраз своечасова! – падтрымаў ідэю загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак. – За гэты перыяд мы многае ўдасканалілі, пакоі для пражывання гасцей сталі яшчэ больш утульнымі – ды вы і самі гэта зараз убачыце. Карыстаючыся момантам, хачу выказаць шчырую падзяку за падтрымку, якую аказвае спартыўнай галіне раённая ўлада: у прыватнасці, была знойдзена магчымасць вылучыць сродкі, за якія мы не толькі даўкамплектавалі нумары, а і абнавілі тэнісныя сталы на спарткомплексе, набылі новыя мячы, лыжы і канькі, іншы інвентар. Усё гэта дазваляе нам умацоўваць статус аднаго з цэнтраў спартыўнага жыцця краіны”.

У суправаджэнні дзяжурнага па інтэрнаце Таццяны Змітрачэнкі мы з цікавасцю прайшліся па яго нумарах. Усяго іх 35 на 60 койка-месцаў, ёсць як двух- так і аднамесныя. У кожным – свой санвузел, тэлевізар і халадзільнік, а прыгожыя шторы, пасцельная бялізна, дыванкі ствараюць дамашнюю ўтульнасць. Інтэр’ер паўлюксавага нумара яшчэ больш дабротны, ёсць і VIP-апартаменты – двухпакаёвыя, з камфортнай мяккай мэбляй і прасторнай лоджыяй, з якой адкрываецца прыгожая панарама мікрараёна.

Як мы ўжо паведамлялі, у час, калі не праводзяцца спартыўныя зборы, засяліцца ў інтэрнат могуць усе жадаючыя. Спыняюцца тут родныя і сябры ўшачан, людзі, што прыбываюць у камандзіроўку, прыязджаюць з гарадоў на “спартыўны” ўік-энд. Кошт пражывання – пад’ёмны: 25 рублёў за суткі. Паўлюксавы нумар абыдзецца ўдвая даражэй, “люкс” – у чатыры. Праўда, на бліжэйшае лета ўвесь фонд ужо забраніраваны.

“Як паводзяць сябе госці, якія чуеце водгукі?” – пытаемся ў Таццяны Мікалаеўны. “Пераважная большасць пастаяльцаў – культурныя, добразычлівыя. Амаль усе застаюцца ў захапленні. Ды мы і самі цікавімся, што, на іх думку, трэба ўдасканаліць, а слушныя заўвагі бяром на карандаш – напрыклад, што ў санвузлах не хапае палічак. Зрэшты, бывалі і пытанні, чаму ў пакоях няма халатаў і тапачак – тады тлумачым, што падобны сэрвіс прадугледжаны толькі ў люксавых атэлях. А вось госці з адной расійскай дэлегацыі прывезлі з сабой кіпяцільнікі, бо зусім не чакалі ўбачыць у нумарах спартыўнага інтэрната электрачайнікі, думалі, што душавыя будуць на калідоры, і былі вельмі ўражаны сэрвісам у глыбінцы”, – распавядае супрацоўніца. “Узроўню нашых аб’ектаў здзіўляюцца нават тыя, хто бачыў іх толькі на фота буклетаў, – далучаецца да размовы дырэктар турцэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая. – Гэтымі днямі прэзентавала патэнцыял рэгіёну на выставе “Мая Беларусь” у Мінску і пачула шмат узнёслых водгукаў”.

Інтэрнат пабудаваны з улікам стандартаў у галіне безбар’ернага асяроддзя: на ўваходзе ў будынак ёсць пад’ёмнік, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаны спецыяльны нумар, інваліды-калясачнікі могуць самастойна спусціцца на ліфце на цокальны паверх і наведаць спа-комплекс. Да слова, такія паслугі ўжо былі запатрабаваны.

Кампліменты слухаць прыемна, зарабляюцца ж яны стараннай працай многіх людзей. Адкрыццё інтэрната, дарэчы, дазволіла стварыць 23 новыя працоўныя месцы (10 чалавек заняты ў кафэ, астатнія – на абслугоўванні кліентаў і памяшканняў). А гэты фактар таксама немалаважны для невялікага населенага пункта.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *