На ўшацкіх будынках і вуліцах згасаюць апошнія агеньчыкі ілюмінацыі, але мы яшчэ не гатовы закрыць святочную тэму, бо менавіта яна дала падставу для знаёмства з героямі гэтага аповеду. Месяц таму ў час аб’езду сядзіб з самым прыгожым навагоднім аздабленнем наш маршрут пралёг праз вёску Кавалеўшчына – чытачы падказалі, што тут ёсць арыгінальны падворак. І сапраўды, мы лёгка знайшлі ў прыцемках дом Аляксея і Яўгеніі Сіротка, бо дарогу падказваў… месяц. Не той, што на небе (яно было хмарным), а той, што “прызямліўся” на дах хаты і разам з мноствам гірлянд і ззяючых фігур асвятляў наваколле.
“Калі вешаў яго на дом, у госці зазірнула швагерка і зазначыла, што быццам чагосці не хапае – тады я пасадзіў на месяц чарцяня з савецкага мульціка, і кампазіцыя стала гарэзлівай! – з усмешкай тлумачыць гаспадар. Змайстраваў ён убранства падворка ўласнымі рукамі: зварыў металічныя канструкцыі, аздобіў гірляндамі – і кажа, што выдаткі з ліхвой пакрывае добры настрой, які ўзнікае ад казачнага антуражу – паглядзець на яго прыходзіла ўся вёска.
Іх дом на ўскрайку вельмі старажытны, у свой час дзядуля Мірон Іванавіч пашырыў будынак, бо яго сямёра дзяцей тут проста не ўмяшчаліся, потым тут гаспадарыў яго малодшы сын, і вось зараз унук надае хаце новае аблічча.
Пасля школы Аляксей некалькі год працаваў вадзіцелем у Наваполацкай гарбальніцы, ажаніўся на мясцовай жанчыне, гадавалі сына і ўжо чакалі нараджэння дачушкі…
Маглі б і далей жыць у горадзе, але жонка бачыла, што муж сумуе па вясковай прасторы, не ведае, чым сябе заняць у кватэры вечарамі, а таму падтрымала яго ідэю пераехаць у бацькоўскі дом. І вось ужо некалькі год яны ў Кавалеўшчыне.
Аляксей у вучэбным цэнтры райсельгасхарча атрымаў спецыяльнасць машыніста кацельні і ўладкаваўся ва Ушацкі філіял райспажыўтаварыства. “Работа падабаецца, ды і калектыў годны: працуем суткі праз трое разам з Паўлам Булко, Васілём Палонскім і Дзмітрыем Захарэнкам, усе хлопцы сумленныя, адказныя. А ў выхадныя можна многае па гаспадарцы зрабіць”, – зазначае герой аповеду. Яго жонка тым часам стала прадаўцом-кансультантам салона сувязі МТС ва Ушачах – пасада спецыфічная, патрабуе пастаяннага абнаўлення ведаў, аднак Жэня з гэтым спраўляецца.
Дзеці амаль увесь дзень на занятках, шасцікласнік Рома ходзіць на дзюдо, на тры гады маладзейшая Маша таксама спрабуе сябе ў спорце, грае на балалайцы, а іх першыя поспехі засведчвае насценны “Куток гонару” з дыпломамі конкурсаў і спаборніцтваў. “У вёсцы вельмі добра, асабліва летам. Мы з бацькам часта ходзім у лес, абсталявалі на беразе возера месца для адпачынку – не толькі для сябе і суседзяў, там і гарадскія турысты палаткі ставяць. А яшчэ тата вучыць мяне разбірацца ў тэхніцы і кіраваць матацыклам!” – распавядае хлопчык. А бацькі прыгадваюць, як у шасцігадовым узросце Рома самастойна зарабіў грошы на дарагую машынку: разам з дарослымі пайшоў у лес і назбіраў цэлае вядзерца чарніц, якія здалі нарыхтоўшчыкам. Вядома ж, цацка была для яго вельмі каштоўнай!
На вясковым падворку ўсёй сям’і спраў хапае. Паднавілі дом, у які праведзена вада, ацяпляецца ж ён пакуль звычайнай печкай. Затое падлогу гаспадар зрабіў “інавацыйнай”: паміж двума пластамі бетоннай сцяжкі ўклаў слой пенапласту, які затрымлівае цяпло. Ёсць і гаспадарка – гадуюць птушку, парсючка, апрацоўваюць агарод. “Як гарадская дзяўчына з такой работай спраўляецца?”, – пытаюся ў Жэні. “Дык кожнае ж лета ў Завячэлле прыязджала – да бабулі з дзядулем Маі Пятроўны і Пятра Давыдавіча Маковічаў. Яны таксама ў горадзе жылі, а як выйшлі на пенсію – вярнуліся ў вёску і развялі гаспадарку, так што я і коз даіць навучылася, і траву для каня касіць. Ды і сама, як бачыце, па іх слядах пайшла – праўда, куды раней на прыроду перабралася. І зусім пра гэта не шкадую!”
“Але ж у вёсцы – ні тэатраў, ні музеяў, ні іншага культурнага жыцця… Напэўна, усё ж сумнавата?” На правакацыйнае пытанне сям’я адказвае дружным “Не!”. Дзеці нясуць свае малюнкі і татаву калекцыю старажытных манет і купюр, а гаспадар вядзе мяне… у музей сялянскага побыту. “Як толькі пераехалі, рабіў “рэвізію” на гарышчы і знайшоў дзясятак дзедавых рубанкаў – з іх і пачалася экспазіцыя, якую размясціў у альтанцы ля дома. Потым родныя і сябры падключыліся: прынеслі каромысла, дошку для мыцця, качалку для бялізны, 10 керасінак, радыёлу і нават шалі 1908 года – бадай, самы каштоўны экспанат. А вось – “Дружба-4”, першая бензапіла ўшацкіх леснікоў! Раней ручнымі лес валілі, і гэта быў сапраўдны прарыў”, – з захапленнем тлумачыць экскурсавод. “Дык яе ж не падняць!” – спрабую адарваць пілу ад падлогі. “Лесарубы – хлопцы моцныя! Зрэшты, “Урал”, які на змену гэтай мадэлі прыйшоў, ужо куды лягчэйшы быў…”
Завяршыць жа аповед пра гэтых цікавых людзей хочацца яшчэ адной навагодняй гісторыяй (спадзяюся, малышы яе не прачытаюць). Перад святам Аляксей купіў амуніцыю Дзеда Мароза, салодкія падарункі і абышоў дамы сваіх родных і сяброў, у каго ёсць маленькія дзеці – проста каб зрабіць прыемны сюрпрыз. А потым падумаў – чаму б не парадаваць і іншых людзей? Набыў некалькі кіло цукерак, склаў у мяшок і ў навагоднюю ноч паехаў разам з жонкай і дзецьмі на ўшацкую плошчу. Не адну гадзіну самадзейны Дзед землякоў весяліў, колькі вершаў за гэтую ноч ад дзятвы пачуў – нават не злічыць! “Аднаго разу аж чатыры малышы да мяне падскочылі – не маглі рашыць, хто першы расказваць пачне, дык усе разам дэкламавалі! А дарослыя ў чаргу станавіліся, каб сфатаграфавацца. Сапраўднай зоркай сябе адчуў! Толькі а чацвёртай гадзіне мы дамоў паехалі, бо цукеркі ў мяшку скончыліся”, – расказваў Аляксей пра свае навагоднія прыгоды. Можа і няправільна, што я сакрэт выдала, але ж напэўна, цікава многім будзе даведацца, хто хаваўся пад белай барадой і адлюстраваўся на сотнях здымкаў… Скончыліся святы, але ж і ў паўсядзённым жыцці ёсць месца для захапляльных падзей і яркіх момантаў. Галоўнае – хацець быць шчаслівымі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.