В деревне Селище состоялось торжественное открытие фельдшерско-акушерского пункта

Общество

У Селішчы на бягучым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё новага фельчарска-акушэрскага пункта – атрымліваць медыцынскую дапамогу вяскоўцы цяпер будуць у больш камфортных умовах.

Выконваючы даручэнне Кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку ў медустановах усіх узроўняў з акцэнтам на павышэнне якасці паслуг для сельскіх жыхароў, на Ушаччыне зрабілі шмат. На рамонт і мадэрнізацыю ўсіх 15 ФАПаў з раённага бюджэту было выдзелена звыш 100 тысяч рублёў. Нядаўна спраўлялі наваселле Сарочынскі пункт і Дубраўская ўрачэбная амбулаторыя.

Стары будынак Селішчанскага ФАПа гэтак жа выклікаў заклапочанасць, паколькі ўжо не адпавядаў санітарным і тэхнічным патрабаванням. Было вырашана змяніць яго прапіску, ну а падыходзячае памяшканне знайшлося літаральна па суседстве, у цэнтры Селішча. На касметычны рамонт будынка, мэблю і інвентар было затрачана звыш 5,7 тысячы рублёў. Сур’ёзны акцэнт зроблены на ўкамплектацыю ўстановы сучасным медыцынскім абсталяваннем – на гэта спатрэбілася амаль 12,5 тысячы.

Хоць ФАП – даволі кампактны, тым не менш умяшчае ўсё неабходнае: ёсць кабінет для прыёму пацыентаў, а таксама працэдурны і аглядавы. Тут можна не толькі атрымаць першую медыцынскую дапамогу, але і прайсці дыспансерызацыю, вакцынацыю, набыць медыкаменты. Па графіку будуць праводзіць прыёмы і ўрачы паліклінікі.

У сераду на адкрыцці гэтага важнага сацыяльнага аб’екта чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош, галоўны ўрач райбальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін, ну і, канечне, гаспадыня ФАПа Дзіна Леанідаўна Карбоўская – медык з 37-гадовым стажам (на здымку).

На абслугоўванні Селішчанскага ФАПа знаходзіцца 10 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 220 чалавек.На абслугоўванні Селішчанскага ФАПа знаходзіцца 10 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 220 чалавек.

Пасля ж урачыстасці ўсіх запрасілі на невялікую экскурсію па медустанове. “Сапраўдны падарунак для нас! Асабліва прыемна, што столькі новай медыцынскай тэхнікі з’явілася”, – аглядаючы электракардыёграф, танометр для вымярэння ўнутрывочнага ціску, адзначыў жыхар Анікеўшчыны Уладзімір Сямёнавіч Жаваранак (на здымку). “Як тут цёпла і ўтульна – прыемна будзе заходзіць! Ды і наш медработнік зможа паўнацэнна працаваць. Дзякуй кіраўніцтву раёна, райбальніцы і ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы фельчарска-акушэрскага пункта”, – такія шчырыя водгукі давялося пачуць і ад іншых вяскоўцаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *