В Ушачах прошла встреча молодежи с председателем райисполкома Сергеем Садовским в рамках диалоговой площадки «Время твоих возможностей»

Общество

Мерапрыемства пад такой сімвалічнай назвай прайшло ў рамках форуму “Час тваіх магчымасцяў” у Віцебску. У яго рамках прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі былі адзначаны абласной маладзёжнай прэміяй БРСМ “Дасягненне”. Што асабліва прыемна, у лік 35 шчасліўчыкаў трапілі адразу двое нашых землякоў. Прэтэндэнтаў жа на прэмію было звыш 300.

У намінацыі “Моладзь за спорт” узнагароджаны актывіст Ушацкага райкама БРСМ, даўні аматар адзінаборстваў, адзінаццацікласнік Павел Шакута. Двухразовы бронзавы прызёр першынства Віцебскай вобласці па дзюдо, уладальнік “срэбра” на такіх спаборніцтвах у рамках Алімпійскіх дзён моладзі, а таксама міжнароднага турніру па самба ў Себежы паспяваў у 2024-м і грамадскімі справамі займацца – быў камісарам студэнцкага сельскагаспадарчага атрада “Колас” імя А.Клопава. Заслужаную ўзнагароду хлопцу ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў (на здымку).

На жаль, не змагла паўдзельнічаць у цырымоніі вучаніца 11 класа Ушацкай школы Ксенія Барысёнак, адзначаная за перамогі на рэспубліканскай, міжнароднай алімпіядах па біялогіі ў намінацыі “Дасягненне”. Прычына для гэтага – уважлівая: дзяўчына ў чарговы раз выпрабоўвала веды па любімым прадмеце на вобласці і, як мы ўжо паведамлялі, зноў аказалася ў ліку лепшых.


Прыгаданы маладзёжны форум не толькі многаму навучыў, але і даў амаль паўтысячы яго ўдзельнікам нямала інструментаў для самарэалізацыі.

На базе вядучых прадпрыемстваў і ўстаноў абласнога цэнтра, Віцебскага раёна працавалі тэматычныя секцыі – была магчымасць пераняць вопыт, карысныя веды ў розных сферах. На дыялогавых пляцоўках з удзелам прадстаўнікоў улады абмяркоўвалі дасягненні суверэннай Беларусі, пытанні правядзення электаральнай кампаніі, магчымасці сучаснай моладзі.

“Беларусь – гэта дзяржава для народа. Мы бачым, як мяняюцца гарады, мацнее народная гаспадарка. Перад намі стаяць задачы захавання і паляпшэння якасці жыцця. І тыя кампетэнцыі, якія вы зараз атрымліваеце на прафесійнай ніве, патрэбныя для нашых людзей і будучыні”, – адзначыў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач.


Дыялогавая пляцоўка “Час тваіх магчымасцяў” прайшла на мінулым тыдні і на Ушаччыне. На сустрэчу з маладымі спецыялістамі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці малой радзімы, завітаў старшыня райвыканкама С.Садоўскі.

На Ушаччыне для моладзі робіцца нямала. Нядаўна, напрыклад, усе парадаваліся адкрыццю на базе спарткомплексу новага інтэрната, а таксама ўтульнага кафэтэрыя ў ім. Як адзначыў кіраўнік раёна, многае будзе яшчэ ўдасканальвацца – у самы бліжэйшы час, напрыклад, там установяць сучасную кавамашыну. Зменіцца і ўжо добра знаёмы “Time Оut”.
Нямала арганізуецца для маладзёжнага актыву розных мерапрыемстваў. Нядаўна, напрыклад, пабывалі ў Глыбокім, ну а перад Новым годам абмеркавалі справы за салодкім сталом ў мясцовым кафэ, пра што папрасілі на мінулай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна. “Якія на гэты раз будуць пажаданні? – пацікавіўся Сяргей Сяргеевіч. – Каб прадугледзець аптымальны фармат сустрэч, нам важна чуць вашы прапановы”. Ну а іх доўга чакаць не давялося: “Хацелася б у Мінск з’ездзіць, тэатр і музеі наведаць”, – выказаліся прысутныя. Адказ жа парадаваў: экскурсію для моладзі запланавалі ўжо на люты.

Абмеркавалі і вострую праблему экстрэмізму. С.Садоўскі параіў не наведваць падазроныя інтэрнэт-старонкі (са спісам забароненых, якіх не адна сотня, можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі РБ) і, тым больш, не “лайкаць” ці пераводзіць грошы асобам, якія спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне. За ўказанныя дзеянні можна “зарабіць” не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць са штрафам ад 5 да 200 базавых велічынь. Трапленне ў лік нядобранадзейных можа адбіцца і на далейшай кар’еры.

Кіберзлачынствы, арганізацыя харчавання ва Ушацкай школе, магчымасці павелічэння ўласнага даходу, ну і, канечне, электаральная кампанія – усё гэта і многае іншае не засталося па-за ўвагай удзельнікаў сустрэчы. Напрыканцы ж усіх чакала канцэртная праграма, якую падрыхтавалі такія ж маладыя і актыўныя прадстаўнікі сферы культуры Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *