Семейные традиции на службе: Артем Краснов и его путь пограничника

Общество

“Ушацкія ваеннаслужачыя заўсёды добра сябе праяўляюць у вайсковых часцях, і спадзяёмся, што вы толькі ўмацуеце годную рэпутацыю нашага раёна”, – менавіта такія словы гучалі восенню 2023 года ў музеі народнай славы ў адрас юнакоў, што адпраўляліся ў армію. І хлопцы выконваюць гэты наказ! Сведчаннем таму – прыклад Арцёма Краснова, які другі год служыць у цэнтры інжынернага забеспячэння Полацкага пагранатрада.

“Хачу служыць на граніцы!” – безапеляцыйна заявіў хлопец, калі ў час прызыўной кампаніі ў будучых навабранцаў распытвалі пра іх прыхільнасці. Ды інакш і быць не магло, бо гэта фактычна сямейная традыцыя: калісьці пагранічнікам быў айчым Валерый Жарнасек, некалькі год таму ў Полацкі пагранатрад накіраваўся старэйшы брат Віталь, які асвоіў тут спецыяльнасць кінолага. Восенню 2022-га ў органы пагранічнай службы папрасіўся і сярэдні Мікалай, а праз год і Арцём далучыўся – шэсць месяцаў браты Красновы служылі поруч.

“Пра тое, што трапіў у цэнтр інжынернага забеспячэння, зусім не шкадую і ўвогуле лічу сябе прадстаўніком аднаго з самых важных і неабходных падраздзяленняў, – разважае Арцём. – Магчыма, хтосьці пры словах “служба на гранiцы” ўяўляе сабе людзей у камуфляжы, якія робяць абходы і назіраюць за мясцовасцю з вышак. Але сучасная граніца не можа існаваць без надзейных фартыфікацыйных збудаванняў, дарог і мастоў, сігналізацыйных комплексаў – узвядзеннем, рамонтам і абслугоўваннем якіх мы і займаемся”.

Да слова, на працяглым участку гранiцы з Літвой і Латвіяй у зоне адказнасці Полацкага пагранатрада зараз устаноўлены сігналізацыйны комплекс з сістэмай відэаназірання, што дазваляе кантраляваць сітуацыю анлайн.

Трэба сказаць, што ў працэсе службы Арцёму Краснову вельмі спатрэбілася прафесія зваршчыка, якую ён атрымаў раней у Полацкім аграрна-тэхнічным каледжы. За год хлопец прыкметна ўдасканаліў сваё майстэрства, што ў далейшым, канечне, дапаможа ў працаўладкаванні. Увогуле ён лічыць, што тэрмiновую службу недарэмна называюць школай жыцця: тут вучышся планаваць свой дзень, цаніць вольны час і надзейных сяброў. А яшчэ – хутка прыстасоўвацца да новых умоў, бо інжынерная служба – адна з самых мабільных: выконваючы заданні на розных участках гранiцы, хлопцам даводзіцца пастаянна пераязджаць, жыць на заставах і нават у палатачных лагерах. Зрэшты, у такім “качавым” распарадку ёсць свая рамантыка…

Гэтымі днямі Арцём Красноў упершыню прыме ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і адзначае, што вельмі гэтым ганарыцца.

Гэты артыкул з’явіўся на старонках “Патрыёта” дзякуючы супрацоўніцтву рэдакцыі з начальнікам службы інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Полацкага пагранатрада Дзянісам Глебкам. І адметна, што расказ пра нашага земляка супаў з Днём інжынерных войскаў, які адзначаецца 21 студзеня.

Ганарыцца Арцёмам і маці Аксана Пятроўна, якая жыве ў вёсцы Увалокі. “Усе мае сыны з дзяцінства загартаваныя, да любой работы звыклыя, бо заўсёды па гаспадарцы дапамагалі, ды і папярэдні вопыт падказвае, што служба хлопцам – толькі на карысць. Тым не менш я, канечне, хвалююся, як і любая мама. Вельмі чакаем, калі наш вайсковец прыедзе ў водпуск!” – падзялілася з намі жанчына. А яшчэ расказала, што якраз у дзень нашай размовы 17 год споўнілася яе чацвёртаму сыну Віктару: юнак вучыцца ў тым жа каледжы, які скончылі старэйшыя браты, і ўжо таксама зазначае, што служыць хоча ў Полацкім пагранатрадзе.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *