Новая жизнь чемпиона: как тренер Кристина Зуева помогает юным самбистам Ушаччины достигать вершин

Cпорт

Працягнуць спартыўную кар’еру ў складзе нацыянальнай зборнай краіны па самба з перспектывай папоўніць медалёвую скарбонку, у якой ужо была “бронза” маладзёжнага чэмпіянату свету… Працаваць у мінскім клубе адзінаборстваў “Тасай”, дзе старшакурсніца Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры паспяхова спрабавала сябе ў якасці трэнера… Вучыцца ў магістратуры і ўдзельнічаць у навуковых распрацоўках – была і такая прапанова ў выпускніцы ВНУ з сярэднім балам 9,5 у залікоўцы… Аднак Крысціна Зуева абрала свой варыянт – вярнуцца на Ушаччыну і выхоўваць будучых чэмпіёнаў у роднай спартыўнай школе.

“У час вучобы займалася праектам па выкарыстанні на трэніроўках інавацыйнага абсталявання – было досыць цікава, але бачыла, што гэта не маё. А вось пра тое, што рана завяршыла ўласную спартыўную кар’еру, крыху шкадую: ёсць адчуванне, што магла дасягнуць большага. Значыць, буду рэалізоўваць амбіцыйныя мары ў вучнях!” – зазначае Крысціна.

Стартаваць на радзіме – зручна: з жыллём няма праблем, у калегах – першы трэнер Вера Васільеўна Кіліна, а такім умовам, як на нашым спарткомплексе, і сталічныя клубы пазайздросцяць. Пачынала ж першыя працоўныя дні… у дзіцячых садках: “вербавала” малышоў на самба. “Расказвала, што навучу быць моцнымі, абараняць сваіх матуль, ну і новенькую форму, канечне, абяцала: хто ж перад такім устаіць!” – усміхаецца Крысціна. Прайшло два з паловай гады – і яе хлопчыкі ўжо маюць медалі міжнародных спаборніцтваў “Узыходзячыя зоркі”, іншых турніраў. Прагрэсіруюць і дзяўчаты – летась набрала групу 11-12-гадовых самбістак, а літаральна днямі прыйшоў і пакуль што самы значны трэнерскі поспех: Ганна Пугач заваявала “срэбра” на рэспубліканскай спартакіядзе па дзюдо сярод выхаванцаў ДЮСШ. На медаль асабліва не разлічвалі: Аня ж спецыялізуецца ў самба, ды і турнір такога рангу быў для яе дэбютным, так што ехала проста за вопытам, аднак у першай схватцы атрымала чыстую перамогу, за 10 секунд “уклала” і саперніцу ў паўфінале, шкада, што ў паядынку за “золата” не хапіла сіл і вопыту.

Здольнасці будучай медалісткі Крысціна бачыла на ўроках фізкультуры (летась дадаткова працавала ў Арэхаўскай, а сёлета – ва Ушацкай школе). Аня – з сям’і, дзе выхоўваецца сямёра дзяцей, і ў першы час трэнер на ўласнай машыне падвозіла дзяўчынку і яе брата з Арэхаўна на спарткомплекс. Самба ім спадабалася – і цяпер ездзяць самі на аўтобусе.
“Ведаеце, заваяваць гэты медаль мне дапамаглі не толькі трэніроўкі з Крысцінай Сяргееўнай, а і падтрымка яе малодшай сястры Алісы Зуевай, якая зараз займаецца ў сталічным вучылішчы алімпійскага рэзерву і спецыяльна прыехала ў Стайкі, каб за нас пахварэць! – падзялілася з намі Аня. – Калі буду старанна трэніравацца, то таксама змагу туды паступіць!”

“Прыемна, калі вучні ставяць перад сабой спартыўныя мэты. Вось нядаўна Марк Карымаў сказаў мне, што хоча стаць трэнерам… Шчыра прызнаюся, я – жорсткі настаўнік, патрабую ад вучняў строгай дысцыпліны. Ды вам гэта і дзеці пацвердзяць”, – кажа гераіня аповеду. “Калі на спаборніцтвах побач Крысціна Сяргееўна, то я змагаюся, як тэрмінатар! Вельмі хачу, каб яна мяне пахваліла! А калі яе няма – расслабляюся і магу прайграць”, – шчыра паведаміў нам юны Платон Трахімёнак. “Суровы” ж трэнер з цеплынёй расказвае пра сваіх выхаванцаў – напрыклад, як з нядаўняга турніру ў Полацку Ваня Юргевіч прыехаў з сіняком на твары, але не здаўся ў цяжкіх паядынках… На аддзяленні самба не толькі прыёмам вучаць, а і цвёрдасці характару.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымках: Крысціна Зуева з вучнямі Стасам Лаўрэнавым, Платонам Трахімёнкам, Ігнатам Первянёнкам; Ганна Пугач.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *