За мінулы тыдзень аддзелам міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства было прыцягнута чатыры чалавекі, за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – шэсць. Узбуджана пяць крымінальных спраў.
Агрэсар з качаргой
Жыхар вёскі Селішча (1957 года нараджэння, нідзе не працуе) ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па некалькіх артыкулах. Аднак на гэтым не супакоіўся. Падчас чарговай сваркі са сваёй сужыцельніцай перапоўнены эмоцыямі грамадзянін кінуўся на жанчыну з качаргой. З пераломам правай локцевай косткі пацярпелая была дастаўлена ў бальніцу. У адносінах агрэсіўнага сужыцеля ўзбуджана крымінальная справа.
Боты – ненадзейны тайнік
У аддзел міліцыі звярнуўся работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна і паведаміў аб крадзяжы 700 тысяч рублёў. Мужчына са сваімі калегамі весела адзначаў атрыманне чарговай зарплаты і ні пра што не хваляваўся. Быў, відаць, упэўнены ў захаванасці атрыманых грашовых сродкаў, якія на перыяд застолля на ўсялякі выпадак “заныкаў”… у боты. Аднак і гэта не стала для пакуль невядомага зламысніка перашкодай – ён знайшоў “скарб” нават у такім, мякка кажучы, не зусім звычайным месцы. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
“Знікаюць” мабільнікі
Жыхарка вёскі Сарочына пакінула адчыненымі ўваходныя дзверы ў свой дом і са спакойнай душой выйшла на двор. За час яе адсутнасці, хаця і зусім невялікі, у хату пранік злодзей, які прыхапіў з сабой мабільны тэлефон коштам 500 тысяч рублёў.
Аналагічная сітуацыя склалася ў кафэ “Ландыш”. Мужчына весяліўся, пакінуўшы без нагляду свой мабільнік коштам 700 тысяч рублёў на падаконніку. Невядомая асоба, скарыстаўшыся момантам, прыбрала тэлефон да рук. Па абодвух фактах крадзяжу ўзбуджаны крымінальныя справы.
Адкажа за гультайства
Жыхар райцэнтра – абавязаная асоба – не палічыў патрэбным спраўна хадзіць на работу, выплачваць сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей. А таму дапускаў прагулы без уважлівых на тое прычын. Аднак, напэўна, не падумаў, што такімі паводзінамі трапіць пад асаблівы кантроль супрацоўнікаў міліцыі. У адносінах грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа.