Па-сапраўднаму святочная атмасфера панавала ў суботу днём у Ільюшынскім СДК. У завяршэнне дабрачыннай акцыі БРСМ “Цуды на Каляды” для хлопчыкаў і дзяўчынак з прыёмных, апякунскіх сямей тут ладзілася тэматычная канцэртна-гульнявая праграма.
У прасторнай зале культустановы яблыку няма дзе ўпасці. Дзед Мароз і Снягурка, у якіх пераўвасобіліся супрацоўнікі Ушацкага райкама БРСМ, цёпла вітаюць дзевецярых галоўных віноўнікаў дзейства і іх блізкіх. Свайго выхаду на сцэну з канцэртнымі нумарамі чакаюць і мясцовыя юныя артысты. Раздзяліць радасць сустрэчы з усімі імі прыехала старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Міхейка, якая дапамагала грамадскаму аб’яднанню ў пошуку спонсараў.
Іх знайшлося нямала. Падарункі для адной апякунскай і трох прыёмных сямей падрыхтавала індывідуальны прадпрымальнік Наталля Грак. Ушачанка Ірына Ціханава і заснавальнік прыватнага прадпрыемства “Стаўр” Сяргей Палякоў паклапаціліся пра арганізацыю салодкага стала. Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі таксама калектывы Ушацкага раёна газазабеспячэння, райаддзела Следчага камітэта і ІП Святлана Свяжынская, якая перадала святочныя наборы для дзвюх мнагадзетных сямей.
“Такія святочныя сустрэчы для дзяцей праводзім штогод, кожны раз абіраючы новую мясцовасць, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель. – Напрыклад, летась былі ў Селішчы. Да слова, вясковыя дзеці ўспрымаюць падобнае актыўна і радасна – дастаткова запрасіць да ўдзелу ў конкурсе, як ужо чарга з жадаючых выстройваецца”.
Тэматычныя інсцэніроўкі, віктарыны, цёплыя пасядзелкі за святочным сталом, дыскатэка… Свята спадабалася ўсім!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.