З 19 лістапада мінулага 2024 года ў натарыусаў з’явілася магчымасць здзяйсняць новыя натарыяльныя дзеянні, адно з якіх – пасведчанне адмены згоды на здзяйсненне здзелкі.
Раней гэтае пытанне магло быць вырашана толькі ў судовым парадку, што патрабавала матэрыяльных затрат, а часам зацягвалася настолькі, што здзелка па адчужэнні маёмасці ўжо ажыццявілася. Канечне, яе можна было прызнаць несапраўднай па іску асобы, згода якой патрабавалася на здзелку, аднак гэта зноў час і нервы.
Існуе некалькі варыянтаў дачы згоды на ажыццяўленне здзелкі: да яе здзяйснення (у дакуменце ўказваецца, даецца яна з правам або без права адмены), у момант, а таксама пасля. Аднак адмяніць згоду можна толькі ў першым выпадку і толькі да яе фактычнага ажыццяўлення. Перадумаць і падаваць заяву на адмену згоды, напрыклад, пасля падзелу маёмасці ці продажу кватэры не атрымаецца, хаця б i выдавалася яна з агаворкай аб такой магчымасці.
Пры кожным пасведчаннi здзелкi натарыус з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў сістэмы Беларускай натарыяльнай палаты абавязаны правяраць адсутнасць папярэдне засведчанай адмены згоды.
Заява на адмену згоды падаецца ў двух экзэмплярах любому натарыусу і падпісваецца ў яго прысутнасці ўласнаручна асобай або яе прадстаўніком. За афармленне пасведчання выплачваецца натарыяльны тарыф у памеры 0,3 базавай велічыні.
У выпадку адмены згоды асоба, якая яе давала, абавязана паведаміць аб гэтым усім бакам здзелкі.
Жанна КАВАЛЕНКА.