Латыш в Беларуси: как поиск гармонии с природой привел к новой жизни на Ушаччине

Общество

Як карэнны латыш (у Рызе выраслі і бацькі, і дзяды) апынуўся ў Беларусі? Аказваецца, арыенцір меў прамы. Мэтанакіравана шукаў дом на прыродзе менавіта ў нашай краіне, як блізкай яму па менталітэце. Загартоўка ў яго савецкая, якой не па душы горшыя “прышчэпкі” еўрапейскай “цывілізацыі”. “Там не бачу будучыні, – тлумачыць Аляксей, – Моладзь масава пераязджае ў іншыя краіны, плюс прапаганда нездаровай арыентацыі – у прамым сэнсе кіруе Сатана, а душу прамянялі на “фанцікі”. Гэта датычыцца не толькі Латвіі, працаваў і ў Галандыі. У вас людзі больш простыя і адкрытыя. Да таго ж тут танней пражыць. У мяне многа знаёмых перабіраецца ў Беларусь і ў госці на Ушаччыну не раз прыязджалі”.

Аддаленая спакойная вёсачка Навасёлкі, у якой застаўся толькі адзін пастаянны жыхар, можна сказаць, сама знайшла Аляксея (прозвішча прасіў не называць). Ён ездзіў па Віцебшчыне, самым блізкім да Латвіі рэгіёне, і аглядаў пабудовы “на продаж”. Калі ж на лясной дарозе заўважыў берагі возера Крывога, зразумеў, што стан дома ўжо не мае значэння, галоўнае, што толькі тут.

Ён прыехаў з Латвіі ў жніўні, але невялікі някідкі звонку домік унутры ператвораны ўжо ў казачны церам. Печы, пакінутыя ад ранейшых гаспадароў, пабелены і размалёваны тонкімі блакітнымі ўзорамі, падлога заслана цыноўкамі, пад столлю мноства драўляных “павукоў” і аксесуараў. Ды і сучасныя элементы вельмі гарманічна ўпісаліся ў гэтую прасторную белую абстаноўку. Як і новы гаспадар. Убранства дома і ўказвае на асноўны матыў яго пераезду – шукаў цішыні, гармоніі з прыродай і пошуку сябе. І гэта атрымоўваецца.

Да набыцця доміка на Ушаччыне, напрыклад, не мог сказаць, што ён добра малюе. А тут пэндзлі самі запрасіліся ў рукі. Зразумела, не на паказ рабіў, проста ўпрыгожваў абстаноўку, у тым ліку і хаваў за вяршынямі гор і купаламі храмаў няроўнасці тынкоўкі, а атрымаліся выдатныя і вельмі светлыя пейзажы. А вось прафесійныя будаўнічыя навыкі былі, раней меў сталярку і доўгі час займаўся вырабам мэблі. Рукі, як кажуць, на месцы, а тут жыццё прымусіла зноў узяцца за малаток і нажоўку, паколькі ў асобных кутах хаты ў прамым сэнсе слова гуляў вецер. Умацоўваў фундамент, уцяпляў сцены, “маладзіў” балькі і … “старыў” падлогу ды дзверы. Цяпер усё ў светлых тонах, з якімі выдатна гарманіруе колер дрэва.

Драўляныя палічкі і лаўкі, лыжкі, падстаўкі і посуд. Пад столлю і ноў-хаў Аляксея – засушаныя шапкі грыбоў, а нядаўна павесіў на кухні карціну, створаную выключна з пучкоў раслін. А пад ёй мноства шклянак з лекавымі травамі – аддае перавагу гарбаце з зёлак. Заўважыла і незвычайны прадмет – “зубасты” трохвугольнік – гэтай прыладай для ачысткі вадаёмаў не раз карыстаўся, бо купаўся ў Крывым яшчэ ў лістападзе. А на Новы год ужо парыўся ва ўласнай лазні, хаця ў сярэдзіне снежня ад гэтай задумы ў наяўнасці быў толькі куплены кацёл. Прывычка даўняя, у Латвіі хадзілі з сябрамі ў саўну кожны панядзелак. А вось як выглядае вясковая лазня, Аляксей нават уяўлення не меў, аднак, як кажуць, была б мэта. Наведаўся да суседкі на экскурсію, і вось хлеў ужо набыў другое нараджэнне, прычым лазня атрымалася эксклюзіўная.

Ён усё робіць хутка, у дзве рукі. Кажа – энергетыка тут такая, што нават першы сняданак ладзіць у палове чацвёртай дня. Ніхто не прымушае, а падымаецца і майструе ў сваё задавальненне. Задум шмат, не адмаўляе, што ў перспектыве зможа і зарабляць уласнымі тварэннямі.

Ва ўжытку таксама пераважна драўляныя, натуральныя матэрыялы і старажытныя народныя прадметы быту – Аляксей пакінуў самаробную шафу, а на сцяне хлява стварыў пакуль што міні-музей (у якім вісіць каромысла, вагі, дымар) з цвёрдым намерам яго пашыраць.

Пабудаваў Аляксей і яшчэ адзін дом – шпакоўню, у якую засяліліся два прыгажуны-зяблікі.

Работы ля свайго дома заўсёды шмат, нават пасядзець з вудай заядламу рыбаку пакуль не ўдаецца. Аднак упэўнены, што ўсё ў яго атрымаецца, на тое меў ужо не адну містычную падказку. Як толькі перасяліўся, на акне набытага дома ўбачыў наклейку чорнага з белым банцікам ката. Яго двайнік хутка з’явіўся ў двары і вельмі абрадаваў добрай прыкметай гаспадара. Паставіў фота дачкі, на якім быў матылёк – і ён ажыў, прычым, у лістападзе. А аднойчы ля ганка заўважыў шэры “клубок” і нават спужаўся, настолькі прыблудны сабака аказаўся падобны на выяву ваўка з яго машыны. Цяпер Аляксей жартуе, што варта намаляваць аўтэнтычную вёску – і яна будзе. А менавіта такая ў яго перспектыўная мара. Хоча, каб да каранёў і ўсяго натуральнага вярталіся людзі. Нарадзілася яна падчас рэстаўрацыі дома, адчуў, што яму прыемна ажыўляць закінутыя хаты, укладаць у іх сваю душу, якая на Ушаччыне знаходзіцца ў поўнай гармоніі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *