Не ведаю, як каго, а мяне нават гадзінная паездка ў аўтобусе, асабліва па прыгарадным маршруце, стамляе: марудны рух па вясковых дарогах, прыпынкі на кожным вугле, гоман заўсёды чымсьці незадаволеных пасажыраў… А вадзіцелі працуюць у такіх умовах штодня, ды яшчэ знаходзяцца пад прэсам пастаяннай адказнасці за чалавечыя жыцці! “За гады работы да ўсяго прывыкаеш, нязручнасцей не заўважаеш, ухабы ведаеш на памяць, а пасажыраў – у твар”, – усміхаецца ў адказ на мае разважанні вадзіцель аўтобуса філіяла г.п.Ушачы ААТ “АТП №6 г.Наваполацк” Мікалай Віктаравіч Зімніцкі. Гэты чалавек адразу выклікае прыхільнасць да сябе. У яго адкрыты позірк і прыветлівы твар, ён выдатны суразмоўца. Дарэчы, мы не спадзяваліся застаць яго на тэрыторыі аўтапарка, бо вадзіцель зараз у водпуску. Але ён быў менавіта тут: заехаў пацікавіцца, як адчувае сябе без гаспадара любімы МАЗ-256. Гэты новенькі айчынны аўтобус ён атрымаў тры гады таму, на ім выходзіць у рэйсы – у асноўным, на Віцебск і Полацк. А першым яго транспартам на гэтым прадпрыемстве быў старэнькі ЛАЗ, які зашмат пабачыў на сваім аўтобусным веку. Вадзіцель прыгадвае, як тры першыя дні ездзіў побач з настаўнікам Вячаславам Асіповічам, і той знаёміў навічка з азамі майстэрства. Зараз Мікалай Віктаравіч сам можа многаму навучыць моладзь, і хоць працуе на прадпрыемстве не так многа – 8 год, паспеў вызначыцца сваёй бездакорнай працай і вадзіцельскім майстэрствам.
Сваю будучую прафесію Мікалай Віктаравіч атрымаў падчас вучобы ў Вялікадолецкай школе, пасля заканчэння якой працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Потым была армія, работа ў “Сельгастэхніцы”, вучоба ў Гарадоцкім тэхнікуме. Набытая там спецыяльнасць тэхніка-механіка дапамагае яму трымаць даручаны транспарт у ідэальным тэхнічным стане, самастойна спраўляцца з літаральна любымі паломкамі. Многа карысных навыкаў атрымаў Мікалай Віктаравіч і за 20 год работы на агароднінасушыльным заводзе, дзе выконваў абавязкі слесара і вадзіцеля. “У свой час пастаянна даводзілася манеўраваць на 10-тонным КамАЗе па вуліцах Мінска, таму ваджэнне аўтобуса не выклікае складанасцей. А работа ў жаночым калектыве навучыла вытрымцы і тактычнасці. Бывае, зойдзе ў салон якая-небудзь нервовая кабета і пачынае выказваць вадзіцелю ўсё, што яе засмучае ў жыцці. У такіх выпадках лепей памаўчаць, даць чалавеку выгаварыцца. А потым, падчас прыпынку, можна паспрабаваць растлумачыць, што да павышэння кошту на білеты вадзіцель ніякага дачынення не мае”, – дзеліцца прафесійнымі хітрасцямі Мікалай Віктаравіч.
Усё добра атрымліваецца ў гэтага чалавека не толькі на рабоце, але і ў жыцці – цудоўная жонка, з якой побач з 25-гадовага ўзросту, два дарослыя сыны. Старэйшы жыве і працуе ў Віцебску, малодшы, таксама як бацька, будзе адзначаць у нядзелю прафесійнае свята, бо вучыцца ў Наваполацку на машынабудаўнічым факультэце ПДУ. Усе яны вельмі рады за Мікалая Віктаравіча, прозвішча якога занесена на раённую Дошку гонару.
Н.БАГДАНОВІЧ.