Тайны аптечного склада: как Ирина Амбражевич обеспечивает порядок и доступность лекарств в Ушачах

Общество

Вынесеныя ў загаловак устойлівыя выразы трапна характарызуюць працоўныя абавязкі Ірыны Анатольеўны Амбражэвіч. Прычым, у гэтым выпадку яны прымяняюцца ў самым прамым сэнсе: укладчык-упакоўшчык аптэкі №65 г.п.Ушачы адказвае за тое, каб шматлікія прэпараты і медыцынскія тавары займалі ўстаноўленыя месцы, былі прамаркіраваны, захоўваліся належным чынам і максімальна хутка адпускаліся наведвальнікам. Нават у дамашняй аптэчцы, калі яна аб’ёмная, не адразу знойдзеш патрэбныя таблеткі, а ўяўляеце сабе, які б хаос утварыўся, калі б бессістэмна захоўваліся амаль 4 тысячы найменняў аптэчнага асартыменту!

Адметна, што гераіня нашага аповеду – адзіная ў раёне прадстаўніца спецыяльнасці, пра існаванне якой увогуле мала хто ведае: гэта штодзённая карпатлівая работа застаецца за кадрам. Ірына Анатольеўна пачала тут свой працоўны шлях у пачатку 90-х, але “абаснавалася” ў гэтых сценах яшчэ раней: яе маці Вольга Рыгораўна Малько была аптэчным касірам і дзяўчынка з цікавасцю назірала, як работнікі чаруюць над мазямі ды парашкамі, фасуюць у сеткі вату (яе раней прывозілі ў цюках), наразаюць марлю, змяльчаюць секатарам зверабой ды іншую лекавую сыравіну, якую ў савецкі час актыўна здавала насельніцтва. (Да слова, мы, школьнікі 80-х, гэтым ахвотна падзараблялі: збіралі лісты падбелу, кветкі рамонкаў, альховыя шышкі і пялёсткі васількоў – кілаграм апошніх каштаваў аж 25 рублёў, праўда, насушыць такую масу было вельмі няпроста).

“У аптэцы тады працавала некалькі фасоўшчыкаў: Валянціна Барысаўна Багрэц, Зінаіда Іванаўна Корабава, Галіна Васільеўна Жогаль прынялі мяне ў сваё звяно, навучылі нюансам прафесіі, – распавядае Ірына Анатольеўна. – Работы ўсім хапала: адной толькі “аскарбінкі” на дзіцячае аддзяленне райбальніцы фасавалі па 600 порцый на тыдзень, самі выраблялі супазіторыі (свечкі): прапускалі праз мясарубку масла какавы з лекавымі кампанентамі, а колькі этыкетак трэба было падпісаць… Цяпер падобныя працэсы выконваюцца на фармпрадпрыемствах, мы ж гатуем толькі некаторыя мазі і парашкі, ды і назва маёй спецыяльнасці змянілася”.

Летась плённую працу І.Амбражэвіч ацанілі высокай узнагародай – Ганаровай граматай Віцебскага УП “Фармацыя”.

Яе працоўны дзень пачынаецца з абходу гандлёвай залы: трэба праверыць усе вітрыны, шуфляды і папоўніць тыя, дзе лекі на зыходзе, каб кліентам не даводзілася чакаць, пакуль аптэкар збегае “на склад”. Зрэшты, два светлыя сучасна абсталяваныя пакоі з такім словам зусім не асацыіруюцца. Гэта аптэчная тэрыторыя, дзе “не ступала нага пакупніка”, але для нас загадчык установы Таццяна Уладзіміраўна Полазава зрабіла выключэнне: мы трапілі ў валоданні Ірыны Анатольеўны і паглядзелі, якімі справамі напоўнены яе будні.
Колькі тут усяго… А які бездакорны парадак!.. “Гэта сёння так, – усміхаецца гераіня аповеду. – Прыйшлі б у панядзелак, калі ў нас прывоз лекаў – дык усё было б скрынямі застаўлена. За раз паступае і па некалькі соцень найменняў, трэба зверыць кошт, нанесці цэннік на кожную каробачку, улічыць нумар серыі. Калі паступаюць навінкі – вывучаем інструкцыі. Для ўсіх прэпаратаў вызначана месца на стэлажах. Тут, напрыклад, у нас “венатонікі” – дарэчы, вельмі запатрабаваныя прэпараты, бо варыкоз – распаўсюджаная паталогія, чытала, што яна выяўляецца ў 40 працэнтаў жанчын і кожнага пятага мужчыны. На гэтай палічцы – мазі з дзеючым рэчывам “ібупрафен” чатырох розных вытворцаў. А тут – назальныя кроплі. Іх амаль паўсотні найменняў: вось, напрыклад, германа-палесцінскі “Назакар”, гэта – айчынны “Наксівін”, а самы раскупляльны – “Нафазалін”, вытворчасць якога наладзіў віцебскі “Рубікон”… Гэта раней ад прастуды быў стандартны набор – “Нафцізін”, “Пертусін” ды “Інгаліпт”, цяпер жа прапануем дзясяткі ўсялякіх аналагаў. Зрэшты, што датычыцца апошняга, то ён па-ранейшаму самы папулярны сярод спрэяў ад ангіны – заказваем каля 120 флаконаў у месяц”.

У гаспадарцы Ірыны Анатольеўны заўважылі некалькі лесвічак – як ужо прыгадвалася, укладчыку трэба быць “лёгкім на пад’ём”, бо лекамі запоўнены і антрэсолі. Туды звычайна памяшчаюць прэпараты з новых серый, якія адправяцца ў гандлёвую залу, калі скончацца папярэднія.

Пастаянства характарызуе жанчыну не толькі ў прафесіі, а і ў сямейным жыцці: з мужам Анатолем яны пражылі не адзін дзясятак год, выхавалі двух дзяцей, ёсць ужо і пяцігадовая ўнучка.

Для многіх сродкаў патрэбны асаблівыя ўмовы захоўвання, таму ў аптэцы маецца пяць халадзільнікаў, настроеных на розны рэжым: так, інсулін, інтэрфероны, біялакты патрабуюць 2-8 градусаў, некаторыя мазі – 8-15, усё гэта трэба пільна кантраляваць.

Ірына Анатольеўна адказвае за запаўняльнасць паліц не толькі цэнтральнай, а і трох іншых аптэк, 16 сельскіх ФАПаў. Што датычыцца апошніх, то існуе пералік з 38 прэпаратаў, якія абавязкова павінны прысутнічаць на паліцах, на іншыя ж лекі работнікі штомесяц падаюць заяўкі. Напрыклад, каб “адпрацаваць” адзін толькі Ільюшынскі ФАП (сабраць, аформіць, правесці перамаркіроўку прэпаратаў і іншыя маніпуляцыі) патрэбны цэлы працоўны дзень.

“Ці змагу знайсці прэпарат з закрытымі вачыма? Не спрабавала, але, напэўна, так… За 33 гады вывучыла, дзе што ляжыць, – усміхаецца наша суразмоўца. – Бывае, мне ў выхадныя дзяўчаты тэлефануюць, калі тэрмінова спатрэбіцца тое, чаго няма ў зале. Тады і даводзіцца на памяць называць “каардынаты”.

“Не кожнаму такая манатонная справа па душы, але наша Ірына Анатольеўна ўмее знаходзіць у ёй асалоду, а ўласцівыя ёй адказнасць, скрупулёзнасць, немітуслівасць тут вельмі дарэчы”, – зазначаюць яе калегі. Ну а вы цяпер ведаеце, праз чые клапатлівыя рукі праходзяць усе тыя каробачкі, флакончыкі, цюбікі, што дапамагаюць нам захаваць добрае самаадчуванне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *