Год благоустройства: началась реконструкция трассы Р-46 на участке Сорочино-Лепель

Общество

2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання і прытым – у межах пяцігодкі якасці. Мэта сёлетняга, як і папярэдняга – павысіць узровень жыцця беларусаў і зрабіць яшчэ больш прывабнай нашу краіну. Праяўляецца ж добраўпарадкаванне ва ўсім – ад утульнасці ў сваім двары, да будаўніцтва жылля, камфортных зон адпачынку і, канечне, дарог. І новую рубрыку мы распачынаем рэпартажам з рэканструкцыі адной з іх.

Адзін за адным ездзяць МАЗы з пяском з Крыжоў, у Сарочыне і далей па трасе на Мінск устаноўлены святлафоры і зроблены аб’езды – у канцы мінулага года дарожнікі распачалі наступны этап рэканструкцыі трасы Р-46 Лепель-Полацк-мяжа Расійскай Федэрацыі. І хоць яна не мае статусу магістральнай, па сутнасці ёй з’яўляецца, як і самай кароткай дарогай ад Мінска да партоў у Ленінградскай вобласці. А таму і значэнне мае міжнароднае, нягледзячы на тое, што па адміністрацыйнай прыналежнасці лічыцца рэспубліканскай.

Рамонт распачаўся ў 2022 годзе. Летась, з апярэджаннем на 5 месяцаў здадзены ўчастак Сарочына-Полацк, новае палатно пакладзена і на тэрыторыі Расонскага раёна. І раней намечанага прыступілі да заключнага этапу. Прычым, у вельмі спрыяльны, па меркаванні дарожнікаў, час. “Зараз немагчыма рабіць нічога іншага, як земляныя работы. Убіраем расліннасць і ўрадлівую глебу, пашыраем палатно, ствараем новую дарожную падушку, акювечваем, – расказвае прараб ААТ “ДСУ №45 г.Віцебск” Аляксей Пазняк. – Такім чынам рацыянальна размеркаваны работы, што дазволіць у цёплы час ужо прыступіць да асфальтавання. Да таго ж мы вырашылі не ствараць аб’езды, а паставілі святлафоры, што таксама зэканоміць час”.

Праезная частка застанецца ранейшай – 8-метровай, а ўся дарога пашырыцца да 12 метраў, прычым, што асабліва важна, нагрузка на вось павялічваецца з 6 да 11,5 тон.

Тактыка правядзення рамонту залежыць непасрэдна ад выканаўцаў. Ад Атрошкава да Лепеля, напрыклад, дзе вядзецца замена труб і мастоў, аб’язныя заасфальтаваныя ўчасткі існуюць, як і пры рамонце палатна да Полацка. Як і там, дарога на трыццацікіламетровай адлегласці падзелена паміж чатырма дарожна-будаўнічымі ўпраўленнямі “Віцебскаўтадора” і “Мастабудам”. Нягледзячы на шматлікія святы, працуюць дарожнікі штодня з адзіным выхадным на тыдні, калі і едуць у Віцебск, Оршу ці іншыя родныя гарады. А вось наладжаны за два гады быт не мянялі: хто па-ранейшаму, кватаруе ва Ушачах, другія, як мае суразмоўцы, увечары накіроўваюцца з Сарочына ў Полацк. Там яны выконвалі кальцавую развязку пры ўездзе ў горад, менавіта гэтыя, бадай, самыя адказныя работы даручаны і ў Сарочыне.

“Акрамя непасрэдна развязкі, праектам прадугледжана будаўніцтва калектара для падземных камунікацый, дожджапрыёмніка, даволі складаная сістэма, – расказвае А.Пазняк. – Хоць кальцо нязменна прыводзіць і да пашырэння вугла з’езду, усе прыдарожныя пабудовы нам не перашкаджаюць і таму застаюцца на сваіх месцах. Калі пяройдзем на другі бок, ля стаянкі будзе створаны адзіны часовы аб’язны ўчастак”.

Сёлета па краіне як і летась, плануецца адрамантаваць больш 5 тысяч кіламетраў дарог, на гэтыя мэты прадугледжана 2,3 мільярда рублёў. У 2023-м замянілі 3 тысячы, што ў паўтара раза больш, чым у папярэднім. Такім чынам зараз за год поўнасцю аднаўляецца 10 працэнтаў дарог рэспубліканскага значэння.

Што датычыцца непасрэдна палатна, то ўсё робіцца абсалютна так жа, як і ў напрамку Полацка – яно мяняецца поўнасцю. Фрэзераванне, падломка кромак, усталяванне ровікаў і фарміраванне абочын, зрэзка выемкі для павелічэння зоны бачнасці да нарматыўнай, замена труб, прычым на большыя па памеры. Не застанецца і “хваляў” – выроўніваецца палатно, укладваецца слой чорнага шчэбеню, гідраізаляцыя і асфальт – таксама як і з двух бакоў на прыпыначных частках, што, зразумела, робіць больш бяспечным праезд і абгоны. Канечне, рэканструкцыя прадугледжвае і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. На ўсёй працягласці трасы мяняюцца аўтобусныя прыпынкі і з’езды, акультурваюцца абочыны. Вельмі вялікія і затратныя работы. Аднак фінансаванне дарожнай галіны штогод павялічваецца, бо яна ключавая як для эканомікі, так і для сацыяльнай сферы, для нашага з вамі камфорту. Ды што расказваць, гэта ведае кожны.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *