Новые правила регистрации актов гражданского состояния: что изменилось с 1 января?

Общество

З 1 студзеня ўнесены змены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Пра тыя, што датычацца рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, нам расказала начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Аляксандра Яўгенаўна СТУКАЛАВА.

Уступленне ў шлюб за мяжой

Дакумент, які пацвярджае адсутнасць перашкод для заключэння шлюбу за межамі нашай краіны, цяпер выдаецца не загсам. Беларусам (незалежна ад месца жыхарства), а таксама замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, трэба звяртацца ў натарыяльную кантору – падаць заяву і зацвердзіць сапраўднасць подісу на ёй натарыусам ці іншай службовай асобай, якая на заканадаўчым узроўні мае права ажыццяўляць натарыяльныя дзеянні.

У кампетэнтныя органы замежнай дзяржавы могуць прадстаўляцца таксама дакументы, якія пацвярджаюць спыненне ранейшых афіцыйных адносін: пасведчанне аб скасаванні шлюбу, рашэнне суда аб яго скасаванні, якое ўступіла ў законную сілу, пасведчанне аб смерці мужа (жонкі).

Абавязковае інфармаванне

Пра любую “замежную” рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану (нараджэнне, шлюб, развод і інш.) у дачыненні адзначанай вышэй катэгорыі грамадзян, іх непаўналетніх дзяцей на працягу 6 месяцаў трэба паведаміць у орган загса па месцы жыхарства. Беларусам жа, якія жывуць за межамі рэспублікі і знаходзяцца на консульскім уліку, зрабіць гэта трэба ў замежнай установе па месцы пастаноўкі на такі ўлік.

Самастойна ці па даверанасці

Паўторнае пасведчанне аб нараджэнні асобы, якая ўжо дасягнула паўналецця, цяпер не выдаецца яго бацькам. З 1 студзеня звярнуцца за такім дакументам можа толькі сам чалавек ці іншы па яго даверанасці.

Узрост мае значэнне

Устаноўлена мінімальная розніца ва ўзросце паміж бацькам і дзіцем, у дачыненні якога ўстанаўліваецца бацькоўства на падставе пададзенай у орган загса сумеснай заявы таты і маці малога. Яна павінна складаць не менш 15 гадоў.

За дадатковай інфармацыяй па тэме можна звярнуцца па нумары 5-17-20.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *