Путь на подиум начался с метро. История ушачанки, которая попала в модельный бизнес

Наши земляки Общество

“Якая ты стройная, прыгожая! Напэўна, як вырасцеш, мадэллю станеш!” – у маленстве такія словы чуюць многія дзяўчынкі. Ну а Віталю і Кацярыне Кучаронкам падобнае “прадказанне” давялося выслухваць ледзь не з самага нараджэння іх дачушкі Карыны. І па меры таго як яна падрастала, гэтая тэма ператваралася ў мару…

“Колькі сябе памятаю, мяне ўсе хацелі “адкарміць”. Напрыклад, выхавацелі ў чацвёртым садку, дзе, дарэчы, мая мама працавала поварам, пільна сачылі, каб я нічога не пакідала ў талерцы, і расчаравана разводзілі рукамі, бо я ўсё роўна заставалася самай худзенькай”, – з усмешкай прыгадвае дзяўчына. У школе яна прыкметна апярэджвала ў росце сябровак, а ў дзявятым класе са сваімі 177 сантыметрамі – і многіх хлопцаў. Калі ж паступіла ў мінскі каледж, які рыхтуе спецыялістаў сацыяльнай сферы, суседка па інтэрнаце параіла запісацца ў мадэльную школу “Метро”. На платных занятках дзяўчат вучылі хадзіць на абцасах, пазіраваць для фота, давалі і дамашнія заданні: напрыклад, прайсціся па вуліцы так, быццам ты на подыуме.

Падчас гэткай “трэніроўкі” Карыну і прыкмеціла агент адной з мадэльных кампаній: наша зямлячка выйшла з метро так эфектна, што прыцягнула ўсе позіркі. Новая знаёмая прапанавала ёй зрабіць так званыя снэпы – аматарскія здымкі без касметыкі, якія адкрываюць фігуру – і праз колькі часу паведаміла, што Карынай зацікавіліся два еўрапейскія агенцтвы. Больш прывабна выглядаў варыянт, які не патрабаваў ведання замежных моў, а кантракт можна было заключыць прама ў Мінску, пасля чаго адправіцца ў трохмесячны тур у Паўднёвую Карэю.

Тут чытачы, напэўна, узгадаюць небяспеку, што тояць падобныя прапановы – і будуць мець рацыю. Дзяўчына на той момант была непаўналетняй, і многія бацькі не згадзіліся б на такую паездку. З іншага боку, спыніцца ў кроку ад здзяйснення мары, каб потым усё жыццё пра гэта шкадаваць… Мама гераіні аповеду Кацярына Аляксандраўна, падключыўшы юрыстаў, канечне, усё дасканальна праверыла – але ж моцна хвалявалася, калі праважала дачку ў аэрапорт. Ляцела Карына ўпершыню, ды яшчэ з двума перасадкамі: Масква – Абу-Дабі – Сеул, аднак з задачай справілася. У Карэі яе сустрэлі і даставілі ў мадэльныя апартаменты – спецыяльныя кватэры, дзе жывуць дзяўчаты. У яе групе былі юныя прыгажуні з Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстана, так што стасункі наладзілі хутка. Штодня іх прывозілі ў розныя студыі, дзе яны апраналі адзенне кампаній, фатаграфаваліся, праходзілі кастынгі. Трэба спадабацца заказчыкам – ад гэтага залежыць заробак. Сродкі за пералёт, пражыванне, дастаўку па горадзе, кішэнныя грошы складаюць так званы “мадэльны мінус” – яго неабходна пакрыць, каб разлічваць на прыбытак. Для Карыны дэбют аказаўся ўдалым, а яе фота нават трапіла на вокладку часопіса “Avenuel” (на здымку). Па вяртанні ў Мінск дзяўчыне прапанавалі двухмесячны кантракт на работу ў Кітаі. Там было больш складана – працоўны дзень доўжыўся 10 гадзін, нават абедалі на подыуме, затое і заробкі вышэй. Наступныя адрэзкі яе кар’еры прайшлі ў Ганконгу, Тайвані, Турцыі.

За тры гады юная ўшачанка аб’ехала значную частку ўсходняга свету, “ззяла” на розных пляцоўках, яе здымкамі любаваліся чытачы прэстыжных выданняў “Vogue” і “Harper’s Bazaar”.

Гучыць гэта ўсё прывабна, і можа скласціся ўражанне, што работа мадэлі – суцэльнае свята.

– Канечне, гэта не так! – зазначае Карына. – Зусім няпроста намотваць кіламетры на высокіх абцасах, сотні разоў мяняць вопратку. У нас нават свае хітрасці ёсць: калі, напрыклад, трэба нацягнуць гольф з вузкім горлам, папярэдне варта апрануць на галаву поліэтыленавы пакет – будзе больш шансаў захаваць прычоску і макіяж. А яшчэ нельга пашкодзіць адзенне і абутак, што мы дэманструем. А такое бывае: аднойчы у час дэфіле зламала абцас туфлі – старалася ісці так, каб гледачы нічога не заўважылі, а ў думках прыкідвала, колькі яны каштуюць. На шчасце, санкцый да мяне не прымянілі. А вось паказ вясельных сукенак у Кітаі дакладна запомнілі ўсе: выходжу першай у прыгожым белым уборы, раблю некалькі крокаў і разумею, што подыум настолькі слізкі, што ўтрымацца на ім немагчыма. Падаю, узнімаюся, іду і зноў лячу на падлогу… Тое ж адбываецца і з іншымі. Аказалася, па сцэнарыі так і было задумана, вось толькі папярэдзіць нас чамусьці забыліся – магчыма, каб выглядала ўсё больш натуральна. Я потым праз свайго агента пратэст выказала, і арганізатары згадзіліся павялічыць аплату за гэты паказ. Увогуле з кожнай паездкай прыходзіць новы вопыт: і атрымаўшы аднойчы кан’юнктывіт пасля работы візажыстаў, важу зараз з сабой уласныя пэндзлі для макіяжу. Асобная справа – захаванне параметраў фігуры. Мне з гэтым пашанцавала: мае 84/58/88 пры росце 181 застаюцца нязменнымі нават пры ўжыванні пірожных, а вось некаторыя дзяўчаты пастаянна на дыетах і часам абедаюць адным яблыкам. Знешнасць – наш галоўны “тавар”, які трэба берагчы. Пры гэтым у мадэлі асабліва цэніцца натуральнасць: вядома ж, ніякай “пластыкі”, нават бровы карэкціраваць непажадана, як і эксперыментаваць з прычоскамі. Нядаўна, напрыклад, агенцтва параіла мне зрабіць трэндавую стрыжку пад хлопчыка, але я так кардынальна мяняць вобраз не хацела, таму знайшлі кампраміс: сярэдняе карэ… Усе складанасці нашай прафесіі застаюцца за кадрам, але яны цалкам кампенсуюцца тым, што мы нясём людзям стыль, прыгажосць і ўзнёслыя эмоцыі.

Нядаўна Карыне споўнілася 19 і свой дзень нараджэння яна адзначала ў родных Ушачах – папрасіла тату пратапіць лазню, пабачылася са старэйшымі братамі Сашам і Андрэем. Яна ніколі не саромелася таго, што родам з глыбінкі, і прымусіла ўсіх, з кім зараз мае зносіны, вывучыць назву нашага райцэнтра. Ну а наперадзе ва ўшацкай прыгажуні новыя здзяйсненні. Агучваць планы – справа няўдзячная, ды ўсё ж Карына прызналася, што хоча трапіць на элітны еўрапейскі подыум. Гэта складана, але ў любой справе трэба развівацца і ставіць перад сабой высокія мэты.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *