З 1 студзеня 2025 года ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні Указа №402 “Аб сацыяльнай падтрымцы”, падпісанага Прэзідэнтам краіны ў кастрычніку.
Пра новаўвядзенні мы папрасілі расказаць намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама В.С.ГУГІНУ:
– Вікторыя Станіславаўна, нечаканым для многіх стала зняцце абмежавання памеру выплат працуючым пенсіянерам.
– Дагэтуль частка пенсіі, вылічаная з індывідуальнага каэфіцыента заробку (ІКЗ) звыш 1.3, ім не выплачвалася (выключэнне – занятасць у вытворчасці сельгаспрадукцыі). Сума такога абмежавання магла складаць аж да 500 рублёў. З 1 ж студзеня пенсія будзе выплачвацца ўсім у поўным памеры. Падкрэслю, што для пенсіянераў з каэфіцыентам заробку не больш за 1,3 нічога не мяняецца, паколькі і раней яны атрымлівалі поўныя выплаты.
– Як пракаменціруеце зніжэнне страхавога стажу для жанчын з чатырма дзецьмі?
– Нагадаю, што страхавы стаж – гэта стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт ФСАН. З 1 студзеня жанчынам, якія нарадзілі 4 дзяцей і выхавалі іх да 8 гадоў, пенсія па ўзросце прызначаецца па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту пры наяўнасці 20 гадоў працоўнага і 5 (раней 10) страхавога стажу. Дагэтуль падобнае было прадугледжана для жанчын з 5 і больш дзецьмі.
– Указам уведзены дадатковыя катэгорыі пенсіянераў, якія могуць атрымліваць пенсію на пошце. Хто ў іх ліку?
– Права пры жаданні атрымліваць грошы праз пошту з 1 ліпеня 2024 года было захавана толькі для пенсіянераў, старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў 1 і 2 груп, грамадзян, якія па рэлігійных перакананнях не маюць пашпарта. Правілы выплаты не мяняліся таксама для жыхароў сельскай мясцовасці. Указам №402 да іх ліку дададзены інваліды 3 групы; асобы з абмежаванай здольнасцю да перамяшчэння (функцыянальны клас 3 і вышэй); грамадзяне, якія ажыццяўляюць догляд за непаўналетнім дзіцем-інвалідам і атрымліваюць адпаведную дапамогу; зарэгістраваныя па месцы жыхарства ў адным памяшканні з інвалідам 1 групы, які атрымлівае пенсію праз пошту; дасягнулі 70-гадовага ўзросту да 1 студзеня 2025-га. Іншыя катэгорыі пенсіянераў таксама могуць пры жаданні перавесці выплату пенсіі з банка на пошту пры ўмове аплаты такой паслугі за ўласныя сродкі (па ўстаноўленых тарыфах).
– Раней можна афармляць пенсію па ўзросце?
– Дагэтуль заяву падавалі ў дзень дасягнення работнікам пенсійнага ўзросту, цяпер магчыма за месяц да ўзнікнення права на пенсію і на працягу месяца пасля. Калі гэты тэрмін вытрыманы, пенсію прызначаць з дня ўзнікнення права на яе, калі не – з дня звароту за выплатай. Такія змены не закранаюць пенсіі па інваліднасці ці з нагоды страты карміцеля (іх атрыманне магчыма і за мінулы час).
– Ці мяняецца парадак вызначэння заробку для вылічэння пенсіі?
– Так. Указам зафіксаваны 30-гадовы паказчык для разліку ІКЗ. Зроблена гэта для таго, каб паступова перайсці да пацвярджэння заробку толькі данымі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку ФСАН, які вядзецца з 2003 года, без падачы грамадзянамі “папяровых” даведак аб заробку.
– А калі ў наймальніка не захаваліся дакументы аб фактычным заробку за перыяды працы да 1 студзеня 2003-га?
– У такім разе раней бралася нулявое значэнне, што зніжала памер пенсіі. Устанавіць памер заробку чалавек мог толькі ў судзе. Указам жа №402 прадугледжваецца права работніка не ўлічваць тыя перыяды, у якія дакументы не захаваліся, з іх заменай на больш раннія.
– Пра якія яшчэ новаўвядзенні трэба ведаць?
– Прадугледжана дадатковая падтрымка сямей з непаўналетнімі інвалідамі. Так, у выпадку смерці аднаго з бацькоў такім дзецям устанаўліваецца павышэнне да пенсіі. Прадугледжана падобнае і для ўжо дарослых інвалідаў з дзяцінства, якія маюць 1 і 2 групу, калі карміцель памёр да іх паўналецця. Таты дзяцей-інвалідаў могуць атрымаць датэрміновую пенсію (у 58 гадоў) не толькі ў выпадку адмовы ад яе маці непаўналетняга, яе смерці, але і ў выпадку, калі жанчына не набыла права на такую пенсію па ч.1 арт.20 “Закона аб пенсійным забеспячэнні”. Праўда, для гэтага мужчыну спатрэбіцца пацвердзіць, што выхаваннем ён займаўся не менш 8 гадоў і мае не менш 25 гадоў працоўнага і 5 страхавога стажу.
– Калі будуць прымяняцца пералічаныя вышэй гарантыі?
– Што датычыцца змен з атрыманнем пенсіі на пошце, то яны ўжо дзейнічаюць. Павелічэнне памеру пенсіі ў сувязі працуючым пенсіянерам з 1 студзеня ажыццяўляецца аўтаматычна. Для рэалізацыі ж усяго астатняга грамадзянам трэба звярнуцца з дакументамі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.