Коллектив ДРСУ-105 справляется со всеми поставленными задачами

К профессиональному празднику

Няма, пэўна, такога чалавека, якога б не хвалявала тэма дарог. Перад калектывам ДРБУ-105 якраз і стаяць адказныя задачы па ўтрыманні ў належным стане транспартных артэрый раёна. Не трэба тлумачыць, наколькі гэта важна. Аб тым, як у такі складаны час удаецца ўшацкім дарожнікам спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі, напярэдадні прафесійнага свята наша размова з начальнікам філіяла Ушацкае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №105 Анатолем Іванавічам КОЦУРАМ. 

– На сённяшні дзень у нас на абслугоўванні знаходзіцца 606 кіламетраў дарог. Для таго, каб утрымліваць іх у належным стане нам, безумоўна, трэба плённа працаваць у любую пару года. Гэта асфальтаванне, грэйдзіраванне, падсыпка, рамонт, а зімой яшчэ і расчыстка дарог. Складаная эканамічная сітуацыя ў гэтым годзе не магла не паўплываць і на дарожныя работы. У 2010 годзе на ўтрыманне дарог было выдзелена 1 мільярд 591 мільён рублёў, у бягучым годзе – 1 мільярд 585 мільёнаў, аднак у мінулым годзе за такія сродкі можна было выканаць намнога большы аб’ём работы. Тым не менш, стараемся выжываць і ў такіх умовах, бо дарогі — неад’емная частка жыцця людзей. Своечасова рэагуем на ўсе звароты грамадзян, пад пастаянным кантролем дарогі аўтобусных маршрутаў. Сёлета выкананы і запланаваныя работы па рамонце вуліц Бабаедава, Ленінскай, Віцебскай у гарпасёлку. У планах яшчэ рамонт вуліц па сельсаветах.
Многія арганізацыі шукаюць шляхі дадатковага заробку. Ці хапае вам работы на тэрыторыі раёна
– Мы таксама шукаем крыніцы даходу ў іншых месцах, так, напрыклад, дапамагаем калегам з Глыбокага – кладзём асфальт каля толькі ўзведзеных дамоў, таксама вядзём рамонт асфальтнага пакрыцця на наваполацкім “Нафтане”.
З якімі праблемамі, акрамя фінансавых, вы яшчэ сутыкаецеся ў сваёй рабоце?
– Мы стараемся ўсё рабіць для зручнасці людзей, але, на жаль, не заўсёды цэняць гэта нашы грамадзяне. Часта прыходзіцца выпраўляць наступствы вандалізму. Не магу зразумець тых, хто псуе новыя аўтобусныя прыпынкі. Часта крадуць ці проста ламаюць дарожныя знакі і ўказальнікі. Дарэчы, адзін такі дарожны знак сёння каштуе каля 200 тысяч рублёў. Грошы, якія маглі б пайсці на рамонт адной з дарог, вымушаны траціць на выпраўленне такіх вось неразумных учынкаў.
Не заўсёды людзі хочуць зразумець, што ў адзін момант нельга расчысціць, прагрэйдзіраваць ці тым больш адрамантаваць дарогу.
Напярэдадні свята нельга не сказаць і пра калектыў, намаганнямі якога нашы дарогі падтрымліваюцца ў здавальняючым стане? 
– На сённяшні дзень наш згуртаваны і дружны калектыў складаецца з 82 чалавек, кожны ўносіць свой уклад у агульную справу, паказвае добрыя вынікі і сумленныя адносіны да працы. Так, сёлета Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд” узнагароджаны памочнік машыніста змяшальніка асфальтабетону Вадзім Канстанцінавіч Андзін, аб’яўлена падзяка вадзіцелю пагрузчыка Леаніду Якаўлевічу Цюкалу. Званне “Ветэран працы КУП “Віцебскаблдарбуд” прысвоена трактарысту Васілю Мікалаевічу Карабаню. Да прафесійнага свята кожны работнік прадпрыемства атрымае грашовую прэмію, а 12 працаўнікоў за шматгадовую і добрасумленную працу ў дарожнай галіне яшчэ і каштоўныя падарункі.
Хачу павіншаваць усіх дарожнікаў з прафесійным святам, пажадаць ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, далейшай плённай працы, поспехаў у нялёгкай, але патрэбнай справе.
* * *
Учора аўтамабілісты і дарожнікі прымалі віншаванні з нагоды свайго свята на ўрачыстым мерапрыемстве, якое прайшло ў раённым Доме культуры, дзе і былі ўручаны ўзнагароды, падарункі і адбыўся святочны канцэрт.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *