Как доброта и трудолюбие создают уют: история Николая Бритика и его лебедя Степана

Калейдоскоп

Да аўтамагазіна Мікалай Аляксандравіч Брыцік ходзіць разам з сябрам дзяцінства і суседам Аляксандрам Літвіным. Вось і перадсвяточны гандаль таксама ажыццяўлялі разам. І хоць на гэтым баку працяглай вёскі Малінаўка больш і чакаць не было каго, вадзіцель-прадавец, паглядаючы на горку, з усмешкай зазначыў: “Павінен трэці падысці”. Так выпадкова я і даведалася пра асаблівага дамачадца Мікалая Аляксандравіча – лебедзя Сцяпана – і спецыяльна вярнулася на сядзібу, каб пазнаёміцца і з птушкай.

У гэты халодны дзень яна разам з курамі кватаравала ў хляве, аднак на вуліцы распусціла крылы і прабеглася – лётаць не можа, таму і прыбілася чатыры гады таму да людзей. На дзяржаўнае забеспячэнне яе не ўзялі – не рэдкая птушка, вось і набывае гаспадар кармоў з разлікам на новага сябра. І клапоціцца аб ім, як аб хатніх гадаванцах, а калі ідзе на Крывое, з сабой не бярэ з-за перасцярогі. “Пакажы дарогу – і прападзе. Абараніцца не зможа. Дык ён на нашай сажалцы плавае”, – тлумачыць Мікалай Аляксандравіч.

Пачала аповед пра ветэрана працы з “кватаранта” невыпадкова. Дабрыня, спагада, безадмоўнасць – асноўныя рысы гэтага сціплага чалавека. Ён ніколі надоўга не развітваўся з бацькоўскім домам у Падліпках. Іх вёска, якая ўвайшла ў склад Малінаўкі, раней мела самастойную назву. Хаты тут і зараз стаяць пад ліпамі. Праўда, толькі два дома засталося з паселішча. Тут вырас Мікалай разам з яшчэ двума братамі, сюды прывёў сваю каханую. Зараз яны засталіся ўдвух з сынам Сяргеем, два гады таму як “асірацелі”. Аднак нягледзячы на мужчынскае царства, у доме, куды завітала без папярэджання, панавала выключная чысціня. Дачок у старэйшых Брыцікаў не было, вось і прывыклі хлопцы быць асноўнымі памочнікамі і бацьку, і маці. І зараз тут усё па ранейшым укладзе: гаспадарка, праўда, больш сціплая за ранейшую, агарод, цяпліцы.

Пасля школы Мікалай пайшоў у мясцовы саўгас імя Даватара, дзе і адпрацаваў на розных марках тэхнікі механізатарам. Гэта зараз мясцовыя касагоры Малінаўкі, Гор, Навасёлак, Калкоў – выключна для адпачынку, таму так і аблюбаваны дачнікамі. А раней кожны кавалак засяваўся і неабходна было стаць сапраўдным універсалам, каб не проста спусціцца ці падняцца з грузам у гару, а і ўхітрыцца так пусціць плугі, каб не пакінуць “астраўкоў”, так паставіць касу, каб не засталося “грэбняў”. І пры гэтым не баяцца працаваць пад вялікім нахілам. І Мікалай Брыцік такім асам быў. А яшчэ валодаў якасцю, якая ўзвышае над любым прафесіяналам – ён безадмоўны. З плугам, культыватарам, бочкай, баронамі – любыя работы і ў любы час. І тры разы на дні мог змяніць агрэгаты (гэта мала каму падабаецца), калі патрабавала рабочая сітуацыя. Пачынаў жа свой працоўны шлях на магутным калёсным Т-150, якому па сілах любыя прычапныя і адпаведна віды работ. А калі пайшоў на пенсію, сваімі ўмелымі рукамі сабраў уласны трактарок, на якім апрацоўвае агарод.

Было б дзіўна вырасці ля возера і не рыбачыць. Канечне, ён любіць папаляваць на ляшча ды шчупака. Складана зараз уявіць Мікалая Аляксандравіча на каньках: пасля перанесенага інсульту ходзіць асцярожна і яшчэ не шпарка размаўляе. А вось раней іх падліпская каманда ў Дубраўскай школе пастаянна выйгравала ў хакей. Хлопцаў у вёсцы хапала, і да цёмнага прападалі на сваёй сажалцы – так мужчына называе блізкі вадаём у нізіне за домам: “Пойдзем у крыніцу за вадой, там і затрымаемся да цёмнага”, – прыгадваючы дзяцінства, Мікалай Аляксандравіч маладзее.

Зараз сябры карыстаюцца вадой з прабуранай свідравіны, думаюць і пра электраацяпленне, паколькі зусім нядаўна па вёсцы замянілі лінію электраперадач. Падтрымліваюць адзін аднаго і зусім не лічаць сваю вёску неперспектыўнай. Для іх яна найлепшая не столькі з-за прыгожага месцараспалажэння. Тут усё: і ліпы, і возера, і крыніца, і панская сядзіба, і дуплаватыя дрэвы – іх маладосць, таму і застаецца такой жа прывабнай, як і паўвека таму. Не, яшчэ даражэйшай.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *