Торжественное открытие ТЦСОН Ушачского района: новый этап в социальной защите региона

Общество

Знакавая падзея адбылася на Ушаччыне ў першыя дні новага 2025 года. Пасля маштабнага рамонту ў Градзянцы быў адкрыты адміністрацыйны будынак ТЦСАН. Цяпер спецыялісты практычна ўсіх аддзяленняў прымаюць наведвальнікаў у адным месцы, што зручна, ды і магчымасці сацабслугоўвання з пашырэннем плошчаў значна ўзраслі. Сімвалічна, што ўрачыстасць праходзіла напярэдадні Дня работнікаў сацыяльнай абароны і ў рамках рэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы”.

Сімвалічны ключ Д.Цімафееў уручае В.Ізмайловіч.

На адкрыцці – прадстаўнікі раённага кіраўніцтва і працоўных калектываў, мясцовыя жыхары, ганаровыя госці. Развіццю сацыяльнай службы на Ушаччыне, як і ў краіне ў цэлым, удзяляецца значная ўвага, з ёй так ці інакш звязаны практычна кожны. Нездарма, вітаючы гасцей мерапрыемства, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў назваў установу не цэнтрам, а домам, у якім дораць клопат, дабрыню, надзею на лепшае.

Каб давесці да толку наяўны будынак, патрабаваліся немалыя ўкладанні, прычым, не толькі фінансавыя. Ініцыятарамі правядзення рамонту сталі кіраўнік Ушацкага раёна С.Садоўскі і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Б.Яфрэмаў. Са сродкаў абласнога камітэта, раённага бюджэту было выдзелена звыш 305 тысяч рублёў.

Падчас экскурсіі ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў.

“Спыняцца на дасягнутым мы адназначна не будзем! – запэўніў прысутных Барыс Сяргеевіч. – Пашырэнне магчымасцяў цэнтра павінна павялічыць колькасць яго наведвальнікаў, а маламабільных трэба неяк дастаўляць – у самы бліжэйшы час будзе разгледжана магчымасць набыцця для ТЦСАН зручнага для людзей з інваліднасцю аўтамабіля”.

Шчыра парадаваўся годнаму абнаўленню дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Стома. Медык па адукацыі, ён выдатна разумее важнасць устаноў, у якіх работа ладзіцца з улікам узроставых патрэб людзей, іх стану здароўя.

Пасля таго як намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Дзмітрый Цімафееў перадаў сімвалічны ключ дырэктару ТЦСАН Вользе Ізмайловіч, а ганаровыя госці перарэзалі чырвоную стужку ля ўваходу ў будынак, усіх запрасілі на міні-экскурсію па абноўленым цэнтры.

“Калі раней нашы працоўныя майстэрні размяшчаліся ў адным памяшканні, то цяпер іх чатыры, – не хавала эмоцый загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Наталля Глінская. – У асобным пакоі і камп’ютарны клас, што дазволіць землякам у больш камфортнай абстаноўцы вучыцца камп’ютарнай грамаце. З’явіліся таксама зоны рэлаксацыі і масажу, у спартыўнай зале – стол для гульні ў настольны тэніс”.

У аддзяленні для пажылых.

Многае ўдасканалена і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі, з якім пазнаёміла прысутных яго загадчыца Наталля Коршун. Цяпер тут прадугледжаны зоны здароўя, нейробікі, швейнай справы, для поўнай прыватнасці аказання сацыяльна-псіхалагічных паслуг уладкаваны асобны кабінет псіхолага (яшчэ адзін маецца ў аддзяленні для інвалідаў).

Вольга Ізмайловіч, дырэктар ТЦСАН:

“Хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсяму нашаму калектыву за неабыякавасць, жаданне дапамагчы. Нярэдка пасля работы многія затрымліваліся ў цэнтры – разам збіралі, расстаўлялі мэблю, наводзілі пасля рамонту парадак. Далучаліся да такога працэсу і блізкія нашых работнікаў. Усё рабілі па-сямейнаму згуртавана, дружна.

Алена Аляксееўна Коршун, пенсіянерка:

“Тэрытарыяльны цэнтр для нас – сапраўдны дом, у якім збіраюцца блізкія людзі. Пасля абнаўлення тут стала яшчэ цяплей і ўтульней. Новыя магчымасці для вольнага часу – што яшчэ трэба тым, хто малады душой?! Заўсёды з нецярпеннем чакаем кожнага новага мерапрыемства – канцэрта, выставы ці тэматычнага вечара, а пасля рамонту адсюль наогул не хочацца сыходзіць”.

…Працягнулася святочнае дзейства ў актавай зале ТЦСАН, дзе з нагоды прафесійнага свята работнікаў сацыяльнай абароны павіншавалі старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч. Яны зазначылі, што такое служэнне людзям – больш, чым проста прафесія, патрэбна вялікае сэрца, душэўнасць, неабыякавасць.

Т.Фамёнак, С.Садоўскі, З.Казачонак, А.Баяронак.

Нямала ў гэты дзень было цёплых пажаданняў, узнагарод, прычым, не толькі раённага ўзроўню. Так, за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм Падзяка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена бухгалтару ТЦСАН Алене Баяронак, сацыяльныям работнікам Зоі Казачонак і Таццяне Фамёнак. Прыгожымі вакальнымі нумарамі парадавалі культработнікі, удзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *