Работа с людьми — это несложно: история банковского работника Татьяны Новиковой из Ушач

Общество

“Працаваць з людзьмі нескладана!” Пачуць такія словы ад работніка, які штодня мае справу з вялікай колькасцю кліентаў, згадзіцеся, даволі дзіўна. Але спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў ЦБП №237 рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Таццяна Новікава кажа гэта абсалютна шчыра. І сапраўды, яе абаяльнасць, інтанацыя голасу і нават пабудова фраз так уздзейнічаюць на суразмоўцу, што пасля завяршэння банкаўскай аперацыі хочацца затрымацца ў кабінцы, каб працягнуць зносіны.

У банкаўскай сферы ўраджэнка Полацка ўсяго два гады – а шлях да гэтай прафесіі быў доўгі і цярністы. І з вышыні жыццёвага вопыту яна вельмі раіць сучасным падлеткам старанна займацца, бо сама гэты шанс змарнавала. Пасля дзевяці класаў пайшла вучыцца на швачку, але зразумела, што спецыяльнасць зусім не па душы. Уладкавалася прыбіральшчыцай, хворых у бальніцы даглядала – заганнай такую працу не лічыла, аднак адчувала, што здольная і на большае. “Ведаеш, Таня, якая паміж намі розніца? Калі спатрэбіцца, я за цябе падлогу памыю, а вось ты мяне ў бухгалтэрыі не заменіш!” – мовіла неяк адна з яе знаёмых. Гэтыя словы, як зараз кажуць, сталі трыгерам. “Не замяню?! Ды я проста пакуль не спрабавала!”. І Таццяна ў свае “добра за 30” узялася за перакройку ўласнага лёсу.

“Хачу стаць адукаваным чалавекам. З чаго пачаць?”, – папрасіла парады ў сяброўкі, і тая склала пералік кніг, якія трэба прачытаць. Старт атрымаўся ў прамым сэнсе “нізкім”: не было нават пасведчання аб сярэдняй адукацыі, але, пазаймаўшыся пару месяцаў, жанчына экстэрнам здала школьныя экзамены, паступіла на завочнае аддзяленне ў аграрна-эканамічны каледж і… стала бухгалтарам! На гэтым, аднак, не спынілася і падала дакументы ў Полацкі дзяржуніверсітэт, пасля заканчэння якога завочніцы нават прапанавалі застацца ў магістратуры. Таццяна ж тым часам перайначыла і асабістае жыццё: сустрэла каханага чалавека і пераехала да яго ва Ушачы. У “Белаграпрамбанку” была вакансія – так і распачалася яе кар’ера ў гэтай галіне.

“У чым сакрэт? Мне вельмі падабаецца справа, якой займаюся! Ганаруся тым, што працую ў адным з вядучых банкаў краіны пад кіраўніцтвам дасведчанага, мудрага чалавека Дзіны Міхайлаўны Садоўскай. І не думайце, што гэта “прыгожыя словы” – яны ад шчырага сэрца”, – прызнаецца гераіня аповеду.

Прыгадвае, як у першы дзень атрымала папку са службовымі інструкцыямі на 100 старонках… Але паступова ва ўсім разабралася, ды і калегі дапамагалі: з любым пытаннем, напрыклад, можна было звярнуцца ў суседняе акенца да Ірыны Крахоткі. За кароткі час Таццяна стала ўніверсальным спецыялістам ЦБП. Прыме плацеж, памяняе валюту, адкрые дэпазіт, выканае любую аперацыю, пры гэтым усё дасціпна растлумачыць, падорыць усмешку. Пра якасць яе работы сведчаць паўтара дзясятка хвалебных запісаў, зробленых кліентамі ў Кнізе заўваг і прапаноў, а яшчэ – атрыманы сёлета Ліст падзякі ад рэгіянальнай дырэкцыі банка па Віцебскай вобласці. Для работніка з такім непрацяглым стажам гэта адметнае дасягненне!

Таццяна Мікалаеўна зазначае, што ў такой прафесіі абавязкова трэба любіць людзей, заўжды быць добразычлівым і спакойным. “А вось калі, напрыклад, у кабінку заходзіць бабулька, доўга корпаецца, не можа патлумачыць, што ёй патрэбна, а ў зале – вялікая чарга. Няўжо Вас гэта не раздражняе?”, – пытаюся ў Таццяны. “Наадварот! Пажылыя патрабуюць асаблівай увагі. Ды тут і былы вопыт спрыяе – не адзін год даглядала людзей на сацыяльных койках”.

Да слова, уважлівасць і неабыякавасць нядаўна дапамаглі ёй прадухіліць непрыемную сітуацыю: старэнькая бабуля папрасіла дапамагчы зняць у банкамаце 1000 рублёў. Сума немалая – і Таццяна пацікавілася, на якую мэту патрэбны грошы. “Дык мяне вунь у машыне добры чалавек чакае: згадзіўся прадаць імпартны посуд удвая дзешавей, чым у магазіне”. “Даражэнькая, а Вы не хочаце папэрэдне са сваімі дзецьмі параіцца? Пакупка ж дарагая“. “Ну, можа і праўда, дачцэ зараз патэлефаную…”. Здзелка не адбылася – “добры чалавек” паехаў ні з чым…

Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што працоўныя будні банкаўскага работніка досыць манатонныя. Насамрэч яны напоўнены разнастайнымі працэсамі, якія патрабуюць пастаяннага абнаўлення ведаў, а яшчэ – прыемнымі пачуццямі ад таго, што дапамагаеш людзям у важных справах. А прыклад гераіні аповеду даказвае, што нават у сярэднім узросце (за дзень да нашай размовы дачка падарыла Таццяне Мікалаеўне першую ўнучку) не позна перафармаціраваць сваё жыццё – знайсці любімую прафесію, змяніць кола зносін ці проста асвоіць нешта новае.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *